Палітзьняволены Максім Знак пачаў выхад з галадоўкі 

Максім Знак

Адвакат Максім Знак, які абвясьціў галадоўку ў СІЗА № 1, паступова аднаўляе прыём ежы, сказаў Tut.by абаронца Дзьмітры Лаеўскі.

«Прынятая мэдычная перадача са сродкамі падтрымкі. Цяпер Максім паступова аднаўляе прыём ежы. Падрабязнасьці раскажа сам, калі будзе вызвалены. Спадзяёмся, гэта адбудзецца хутка. Ён выказвае ўсім велізарную падзяку і пацьвярджае рашучасьць і гатоўнасьць далей працаваць і змагацца», — удакладніў Дзьмітры Лаеўскі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Галадаваньне адваката ў СІЗА — беспрэцэдэнты выпадак. Абаронцы Максіма Знака запісалі зварот. ВІДЭА

Па словах абаронцаў, яшчэ да выходных Максім Знак адчуў вялізную падтрымку: пачынаючы ад салідарнасьці калег-адвакатаў, якія падалі дзясяткі хадайніцтваў аб асабістым паручальніцтве, і заканчваючы лістамі незнаёмых людзей.

Максім Знак быў затрыманы 9 верасьня і знаходзіцца ў СІЗА № 1 Менску. 18 верасьня яму прад’явілі абвінавачаньне паводле ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэксу — заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь. Дэманструючы нязгоду, ён абвясьціў галадоўку.

За прамінулы тыдзень Максім схуднеў на 6 кіляграмаў, у некаторых аналізах выяўлена разыходжаньне з нормай.