Квоты на навучаньне беларускіх студэнтаў у расейскіх ВНУ павінны быць павялічаныя, бо колькасьць беларусаў, якія атрымліваюць адукацыю ў РФ, скарачаецца на фоне росту колькасьці беларускіх студэнтаў ва ўнівэрсытэтах Польшчы і іншых краін.
З такой прапановай выступіў прарэктар расейскага Дзяржаўнага акадэмічнага ўнівэрсытэту гуманітарных навук Вячаслаў Сутырын на экспэртнай сэсіі ў рамках Форуму рэгіёнаў Расеі і Беларусі. Пра гэта паведамляе ТАСС.
Вячаслаў Сутырын адзначыў, што з 2013 году колькасьць беларускіх студэнтаў у Расеі скарацілася роўна ўдвая, да 10 тысячаў 700 чалавек.
«Прычым гэта дадзеныя, якія былі яшчэ да пандэміі, — адзначыў расейскі навуковец. — Пры гэтым больш за палову — 5 тысячаў 676 чалавек — гэта завочнікі. За гэты ж час, з 2013 году, колькасьць беларускіх студэнтаў у Польшчы вырасла ў 2,5 раза і складае сёньня каля 7 тысячаў. Гэта значыць, у адной толькі Польшчы вучыцца беларускіх студэнтаў больш, чым вочна ў Расеі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «З задавальньнем пакінем беларускіх студэнтаў у нас». Польшча адказала на пагрозы Лукашэнкі