Азэрбайджан і Армэнія заявілі аб аднаўленьні абстрэлаў у самаабвешчаным Нагорным Карабаху. Абодва бакі канфлікту паведамляюць пра ўжываньне цяжкой артылерыі.
У Міністэрстве абароны Армэніі заявілі, што баі працягваліся ўсю ноч. Азэрбайджанскія вайскоўцы, у сваю чаргу, абвінавачваюць Армэнію ў абстрэле гораду Тэртэр.
Канфлікт у Нагорным Карабаху абвастрыўся напярэдадні. Ерэван і Баку абвінавацілі адзін аднаго ў эскаляцыі канфлікту. Вядома пра некалькі дзясяткаў загінулых з абодвух бакоў. Паведамлялася і пра ахвяры сярод цывільнага насельніцтва.
У абедзьвюх краінах абвешчаная мабілізацыя. Парлямэнт Азэрбайджану ўсьлед за Армэніяй увёў ваеннае становішча на частцы тэрыторыі краіны. У некаторых гарадах, у тым ліку ў Баку, камэнданцкая гадзіна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Абвастрэньне ў Нагорным Карабаху. Армэнія ўвяла ваеннае становішчаСпрэчка аб тэрытарыяльнай прыналежнасьці Нагорнага Карабаху вядзецца з савецкіх часоў. Азэрбайджан не кантралюе рэгіён, які населены пераважна армянамі, з пачатку 1990-х гадоў. Тады падчас збройнага канфлікту загінулі ня менш за 30 тысяч чалавек і сотні тысяч сталі ўцекачамі. Цяперашняе абвастрэньне канфлікту — самае маштабнае прынамсі з 2016 году.
Краіны-пасярэднікі ў мірным урэгуляваньні ў Карабаху, уключаючы Расею і ЗША, заклікаюць да завяршэньня баёў.
У сваю чаргу прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Тайіп Эрдаган заявіў, што надышоў час «пакончыць з акупацыяй Армэніяй азэрбайджанскіх земляў».
«Прыйшоў час скончыць з акупацыяй Армэніі, час плаціць па рахунках. Яна павінна сысьці з акупаваных земляў. Усе ведаюць, што гэта землі Азэрбайджану», — сказаў Эрдаган, выступаючы ў Стамбуле.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пашыньян не выключае прызнаньня Армэніяй незалежнасьці Нагорнага Карабаху. Азэрбайджан уводзіць ваеннае становішча