Распараджэньне старшыні Берасьцейскага аблвыканкаму аб прыпыненьні будаўніцтва акумулятарнага заводу страціла сілу. Гэта Tut.by пацьвердзілі ў прэс-службе «Акумулятарнага альянсу».
Пасьля адмены распараджэньня акумулятарны завод зможа прыступіць да будаўніча-мантажных і пусканаладачных работ.
З просьбай адмяніць распараджэньне аб прыпыненьні будаўніцтва заводу ў аблвыканкам 25 жніўня зьвярнулася кіраўніцтва прадпрыемства.
Дырэктар «Акумулятарнага альянсу» Дзьмітры Бутаў аргумэнтаваў гэта тым, што прадпрыемства атрымала ўсе неабходныя дакумэнты: станоўчыя заключэньні дзяржаўнай экалягічнай і будаўнічай экспэртызаў і дазвол на выкіды.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хачу заводы». Лукашэнка расказаў, як «аддаў» iPower трэнэру сваёй хакейнай каманды22 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка абяцаў берасьцейцам, што лёс заводу вырашыць мясцовы рэфэрэндум. Аднак у адказе, які атрымалі ад абласных уладаў праціўнікі будаўніцтва, паведамлялася, што тэма рэфэрэндуму «далейшага разьвіцьця з боку ініцыятыўнай групы не знайшла».
Праваабаронца Раман Кісьляк патлумачыў, што актывісты працягваюць працу па правядзеньні мясцовага рэфэрэндуму, фармуецца ініцыятыўная група.
Летась у чэрвені Берасьцейскі аблвыканкам апублікаваў на сваім сайце распараджэньне свайго старшыні Анатоля Ліса аб прыпыненьні будаўніцтва акумулятарнага заводу «да ліквідацыі выяўленых парушэньняў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У акумулятарнага заводу ў Берасьці зьмяніліся ўладальнікі. Новыя гуляюць у хакей з ЛукашэнкамСёлета 22 траўня ТАА «АйПауэр» выведзенае з-пад кантролю Групы кампаній 1AK-GROUP, 100% долі ў статутным фондзе былі прададзеныя, а шыльда зьмянілася на ТАА «Акумулятарны альянс».
85% кампаніі належаць Сяргею Кагановічу, 15% — Дзьмітрыю Баскаву. Абодва маюць хакейны інтарэс. Першы ўдзельнічаў у спаборніцтвах з удзелам прэзыдэнцкай каманды, другі — ад нядаўняга часу старшыня Беларускай фэдэрацыі хакею.