Зьвязаныя з народнымі пратэстамі падзеі ў Беларусі перайшлі ў сытуацыю, якую ў шахматах называюць патавай — калі ніводзін з бакоў ня можа перамагчы, але і прайграваць ня хоча. Такое меркаваньне ў эфіры Латвійскага тэлебачаньня выказаў кіраўнік МЗС Латвіі Эдгарс Рынкевічс, перадае DELFI.LV
Як у Менску прайшоў шматтысячны нядзельны марш. ШМАТ ФОТА
Рынкевічс адзначыў, што цяперашняя ўлада ў Беларусі атрымлівае «вялікую палітычную і эканамічную падтрымку з Расеі».
Эўразьвяз жа, на думку міністра, павінен аказваць максымальную падтрымку народу Беларусі, але пры гэтым захоўваць балянс і ня ўмешвацца ва ўнутраныя справы гэтай краіны. Рынкевічс упэўнены, што ў дадзеным выпадку «рэальна могуць вырашыць толькі самі беларусы».
Пратэсты ў Беларусі пачаліся 9 жніўня пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Паводле дадзеных ЦВК, Аляксандр Лукашэнка перамог на іх з 80% галасоў. Яго галоўная саперніца — адзіны кандыдат ад апазыцыі Сьвятлана Ціханоўская — набрала, паводле афіцыйных дадзеных, крыху болей за 10% галасоў.
Аднак дадзеныя незалежных назіральнікаў і плятформы «Голас» сьведчаць пра шматлікія парушэньні падчас галасаваньня і падліку галасоў. Многія камісіі вывесілі канчатковыя пратаколы, паводле якіх Ціханоўская перамагла зь вялікім адрывам.