Рэдактара «Нашай нівы» прызналі вінаватым ва ўдзеле ў несакцыянаванай акцыі і пакаралі штрафам

Ягор Марціновіч у судзе

У Менску прайшоў суд над рэдактарам «Нашай нівы» Ягорам Марціновічам. У 12:15 разгляд справы быў скончаны, у 13 гадзін быў агучаны вырак.

Суд Заводзкага раёна Менска прызнаў Ягора Марціновіча вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаваным шэсьці на праспэкце Пушкіна 11 верасьня. Яго пакаралі штрафам памерам 15 базавых велічынь (405 рублёў).​

Паводле пратаколу, Марціновіч нібыта ўдзельнічаў у шэсьці 11 жніўня з 2.45 да 3.05 і выкрыкваў лёзунгі «Жыве Беларусь», «Патрабуем перамен». Марціновіч жа кажа, што ў акцыях ня ўдзельнічаў.

Марціновіч на судзе расказаў, што ўдзень 11 жніўня працаваў на вуліцах Менску ў якасьці журналіста. Позна ўвечары таго дня ён знаходзіўся ў раёне гандлёвага цэнтру «Рыга», пасьля адвёз на Кальварыйскую вуліцу калегу Зьмітра Панкаўца і паехаў у раён станцыі мэтро «Пушкінская», каб забраць іншую калегу Настасьсю Роўду.

Марціновіч быў там у раёне 1:45 ночы. На месцы ён убачыў вялікую колькасьць сілавікоў. Яны спынілі машыну Марціновіча, вывелі яго зь яе, праверылі багажнік і мабільны тэлефон, пасьля чаго адпусьцілі. Але на скрыжаваньні Пушкіна і Матусевіча аўтамабіль Марціновіча зноў спынілі.


«Сілавік навёў аўтамат на мяне і загадаў выйсьці. Ён парадаваўся, што я журналіст. Сказаў, што тым больш павінен мяне затрымаць. Пасьля чаго пацягнуў мяне за руку ў аўтазак. Мая машына засталася стаяць пасярод дваровага праезду з адчыненымі дзьвярамі», — расказаў Марціновіч.

Марціновіча адвезьлі спачатку ў турму на Акрэсціна, потым у Заводзкі РУУС. Там ён правёў каля 9 гадзін ва ўнутраным двары. На яго склалі пратакол за ўдзел у мітынгу, Марціновіч зь ім не пагадзіўся. Пасьля яго адвезьлі ў жодзінскае СІЗА, адкуль вызвалілі 12 жніўня паводле «інструкцыі зь міністэрства».

«Мяне з Жодзіна забіраў чалавек, які прадставіўся як Артур, гэта быў супрацоўнік цэнтральнага апарату МУС. Мяне адвезьлі ў Менск у будынак цэнтральнага апарату. Сказалі, што я вызвалены імем Рэспублікі Беларусь на асабісты загад міністра Караева.

Мне сказалі, што калі я ня буду расказваць пра акалічнасьці свайго затрыманьня, то справа аб адміністрацыйным правапарушэньні ня будзе працягнутая. Я адмовіўся».

Разгляд справы скончаны

У 12:15 разгляд справы Ягора Марціновіча скончаны. Сьведкай абвінавачваньня выступіў участковы інспэктар Канстанцін Савеня. Ён расказаў, што у ноч з 10 на 11 жніўня працаваў на праспэкце Пушкіна ў цывільнай вопратцы і бачыў, як Марціновіч браў удзел у несанкцыянаванай акцыі і выкрыкваў лёзунгі «Жыве Беларусь» і «Патрабуем перамен». На большасьць пытаньняў Марціновіча і яго адваката Зікрацкага сьведка ня змог адказаць, спаслаўшыся на даўнасьць. Участковага дапытвалі праз скайп. Пад канец разгляду сам Марціновіч выказаў упэўненасьць у палітычным характары яго справы.

Ягор Марціновіч застаецца падазраваным у яшчэ адной справе — аб паклёпе

На мінулым тыдні Ягор Марціновіч правёў трое содняў за кратамі паводле іншай крымінальнай справы — за паклёп. 23 верасьня ў яго дома правялі ператрус.

17 жніўня «Наша ніва» апублікавала інтэрвію з адным з дыджэяў, якія ўключылі 6 жніўня падчас афіцыйнага мерапрыемства ў Кіеўскім сквэры Менску песьню Віктара Цоя «Перемен». Улад Сакалоўскі расказаў журналістам, што ў ізалятары на Акрэсьціна яго біў чалавек, падобны да намесьніка кіраўніка МУС Аляксандра Барсукова.

Улад Сакалоўскі зьехаў зь Беларусі, бо, як казаў, атрымліваў пагрозы пасьля публікацыі таго інтэрвію.