Міністэрства аховы здароўя Літвы вырашыла раздаваць бясплатны ёдаваны калій дзеля абароны шчытападобнай залозы насельніцтву, якое пражывае ў радыюсе 100 кілямэтраў ад Беларускай АЭС. Пра гэта паведамляе радыё LRT.
На пачатковым этапе жыхарам Вільні раздадуць 2,1 мільёна таблетак.
Усяго Міністэрства аховы здароўя распаўсюдзіць чатыры мільёны таблетак для 16 муніцыпалітэтаў. Іх будуць выдаваць празь пяць найбуйнейшых аптэчных сетак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Увод першага энэргаблёку БелАЭС зноў перанесьлі, цяпер ён заплянаваны на I квартал 2021 годуБелАЭС з 2011 году будуе расейская карпарацыя «Росатом». Станцыя складаецца з двух энэргаблёкаў, першы зь іх плянавалі ўвесьці ў эксплюатацыю ў лістападзе 2020 году, другі — у 2021 годзе. Паводле апошняй інфармацыі, першы энэргаблёк БелАЭС плянуецца ўвесьці ў эксплюатацыю ў першым квартале 2021 году, другі — у 2022 годзе.
У Літве лічаць БелАЭС пагрозай нацыянальнай бясьпецы. У жніўні краіна накіравала ноту пратэсту і заклікала спыніць яе будаўніцтва да праходжаньня ўсіх прапанаваных Эўразьвязам стрэс-тэстаў.