Латушка гатовы стварыць «паралельнае» МЗС Беларусі за мяжой

Павал Латушка

Сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады, былы дыплямат і міністар культуры Павал Латушка заявіў пра гатоўнасьць стварыць альтэрнатыўную структуру Міністэрства замежных спраў краіны за мяжой.

Пра гэта ён сказаў сёньня ў інтэрвію тэлеканалу «Дождь».

«Для мяне ніякай праблемай не зьяўляецца стварэньне паралельнага Міністэрства замежных спраў за мяжой. Сёньня заявілі аб адстаўцы яшчэ шэрагу дыпляматаў, так што без праблемаў можа быць сфармаванае паралельнае МЗС Беларусі», — сказаў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З МЗС Беларусі звольнілі чарговага «неляяльнага» супрацоўніка

Ён таксама падкрэсьліў, што Каардынацыйная рада працягвае працу, нягледзячы на тое, што некаторыя сябры яе прэзыдыюму знаходзяцца за мяжой ці затрыманыя.

«Мы ў сталым кантакце праз чаты, празь відэасувязь. Мы абмяркоўваем зараз антыкрызісную праграму, і ўжо ёсьць напрацоўкі, каб дакладна разумець, што краіна ня будзе кінутая ў хаос. Мы гатовыя ўзяць адказнасьць за кіраваньне краінай у пераходны пэрыяд да моманту абраньня новага кіраўніка дзяржавы», — дадаў ён.