Прэм’ер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан заявіў, што Эўразьвязу варта скасаваць санкцыі адносна Расеі і не прымушаць Кіпр падтрымаць санкцыі адносна Беларусі.
Пра гэта паведамляе Reuters.
Наконт увядзеньня новых санкцыяў адносна РФ за атручэньне апазыцыйнага палітыка Аляксея Навальнага Орбан сказаў: «З вугорскага пункту гледжаньня мы не разумеем, навошта нам гэта рабіць. Але калі Эўразьвяз хацеў бы ініцыяваць гэта, мы гатовыя разгледзець пытаньне».
Наконт санкцыяў адносна Расеі за анэксію Крыму і падтрымку сэпаратыстаў на Данбасе кіраўнік вугорскага ўраду заявіў: «Санкцыі супраць Расеі не зьяўляюцца разумнай палітыкай. Мы павінны быць вельмі жорсткімі ў вайсковым аспэкце ў стасунках з Расеяй, і мы павінны быць вельмі лагоднымі ў гандлёвым аспэкце. А мы вельмі слабыя ў вайсковым пляне і вельмі жорсткія ў гандлі».
Орбан таксама сказаў, што ЭЗ не павінен прымушаць Кіпр ухваліць санкцыі адносна Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Кіпру: Кіпр станоўча ставіцца да прыняцьця санкцый супраць беларускага рэжымуЭўразьвяз некалькі тыдняў распрацоўвае санкцыі адносна Беларусі за фальсыфікацыю выбараў і парушэньні правоў чалавека. Але гэтае рашэньне патрабуе кансэнсусу, а Кіпр блякуе гэты крок з прычыны сваёй спрэчкі з Турэччынай.
«Не прыніжайце Кіпр, — сказаў Орбан. — Ім гэтая ідэя не падабаецца. Я ня згодны зь імі, але гэта іх пазыцыя. Пра санкцыі можна весьці перамовы зноў і зноў, і калі будзе кансэнсус — мы можам гэта зрабіць. Але цяпер згоды няма».
«Калі адной дзяржаве-ўдзельніцы нешта не падабаецца ў важным пытаньні, астатнія павінны гэта паважаць», — патлумачыў вугорскі лідэр.
Орбан нагадаў, што Вугоршчына, Чэхія, Славаччына і Польшча («Вышаградзкая чацьвёрка») прадставілі Эўракамісіі плян эканамічнай падтрымкі Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэм’ер Вугоршчыны заклікаў Эўразьвяз зьняць санкцыі зь Беларусі«Мы не хацелі б, каб зь Беларусьсю здарылася тое, што здарылася з Украінай, калі ў нас была палітычная канцэпцыя, але не было эканамічнай», — сказаў вугорскі прэмʼер-міністар.
Шэраг краінаў ЭЗ і кіраўніцтва Зьвязу крытыкуе Орбана за адыход ад прынцыпаў дэмакратыі ўва ўнутранай палітыцы і за занадта жорсткую пазыцыю адносна міграцыі.
Віктар Орбан напярэдадні выбараў у Беларусі наведаў Менск і сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам.