Сьвятлана Ціханоўская пракамэнтавала суботні жаночы марш, які завяршыўся шматлікімі затрыманьнямі яго ўдзельніц, выпадковых мінакоў і журналістаў.
«Сёньня людзі ў балаклавах ізноў груба затрымлівалі беларусак. Я паўтарала і паўтару: як і ўвесь сьвет, захапляюся адвагай беларускіх жанчын усіх прафэсій і ўзростаў. Вы моцныя і непераможныя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Жаночы марш» у Менску ізноў завяршыўся затрыманьнямі. ФОТА, ВІДЭААле што да мужчын, якія, хаваючы твары, ужываюць сілу ў адносінах да жанчын... Ці можна паважаць іх як мужоў — калі яны так абыходзяцца з намі? Ці можна апраўдваць таго, хто выконвае злачынныя загады супраць уласнага народу, тым, што дома ён — клапатлівы бацька і муж?
Ніводная жанчына не заслугоўвае быць затрыманай за праяву сваёй волі. Ніводная жанчына не заслугоўвае жыць з агрэсарам і гвалтаўніком. Ніводнае дзіця не заслугоўвае бацькі, які, выходзячы з дому, затрымлівае чужых бацькоў. Усе вартыя павагі ўласнай годнасьці і нашых грамадзянскіх правоў. Мы гэта ведаем — і нас ужо не спыніць», — падсумавала Сьвятлана Ціханоўская.