Менчукі мінулай ноччу аднавілі муралы з «дыджэямі пераменаў». Яны зьяўляюцца пад новымі адрасамі і зноў паўстаюць на старых месцах.
Так, у вядомы менскі двор на скрыжаваньні Сморгаўскага тракту і вуліцы Чарвякова зноў вярнулася выява, якую камунальнікі і сілавікі неаднаразова зафарбоўвалі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Таварыствам уласьнікаў у менскім «двары пераменаў» санітарныя службы выпісалі штрафы на 6750 рублёў
Мясцовыя жыхары нанесьлі мурал у гонар Уладзіслава Сакалоўскага і Кірыла Галанава, якія ўключылі песьню «Перемен» Віктара Цоя на афіцыйным мерапрыемстве ў Кіеўскім сквэры. Дыджэі спачатку адбылі арышт, а пасьля пагрозаў крымінальнага перасьледу былі вымушаныя зьехаць з краіны.
Цягам месяца ўлады змагаліся са стрыт-артам, у двары дзень і ноч дзяжурыла міліцыя. 15 верасьня падчас чарговай спробы зьнішчыць мурал сілавікі затрымалі аднаго з тутэйшых жыхароў Сьцяпана Латыпава. Цяпер яго падазраюць у арганізацыі «масавых беспарадкаў», праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Абаронцу муралу на «плошчы Перамен» прызналі палітвязьнемАднак калектыўнымі высілкамі «дыджэі пераменаў» зноў паўсталі на трансфарматарнай будцы.