Нягледзячы на абяцаньні, супрацоўнікаў жлобінскага БМЗ пачалі караць за страйк

Беларускі мэталюргічны завод

17 жніўня супрацоўнікі Беларускага мэталюргічнага заводу абвясьцілі страйк і часова спынілі працу ўсіх трох доменных печаў. Такім чынам яны выказвалі пратэст супраць несправядлівых выбараў і гвалту сілавікоў.

Да пратэстоўцаў выйшлі прадстаўнікі адміністрацыі заводу. Намесьнік генэральнага дырэктара Мікалай Анелькін абяцаў, што за страйк караць ня будуць. «Мы нікому не забаранялі, нікога караць ня будуць», — сказаў Анэлькін.

Але адбылося па-іншаму. На заводзе выйшла распараджэньне, згодна зь якім 12 чалавек, якія ўдзельнічалі ў страйку, пазбаўленыя «стымуляцыйных даплатаў на 100 адсоткаў». Пазьней рабочых БМЗ пачалі караць праз суд за нібыта ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве.

12 содняў арышту атрымаў супрацоўнік заводу Віталь Савельеў.

25 верасьня суд Жлобінскага раёну пакараў арыштам на 12 содняў супрацоўніка БМЗ Сяргея Кураленю. У яго дома — малое шасьцігадовае дзіця і цяжарная жонка, але гэта не спыніла судзьдзю.

Сяргея Кураленю адправілі адбываць арышт з залі суду.