25 верасьня ў розных гарадах Беларусі працягваюцца затрыманьні актывістаў. Праваабарончы цэнтар «Вясна» зьбірае сьпісы затрыманых і факты перасьледу з палітычных прычын. Сьпіс абнаўляецца.
- Удзень 25 верасьня быў затрыманы студэнт 4-га курсу БДУІР, сябра страйкаму Дзьмітры Мазура. Яго затрымалі невядомыя ў цывільным пасьля студэнцкай акцыі пратэсту. Паводле папярэдняй інфармацыі, яго даставілі ў РУУС Савецкага раёну Менску.
- У Салігорску затрымалі Аляксандра Краўчука. Калі Краўчук выносіў сьмецьце, да яго падышлі трое незнаёмых, прадставіліся супрацоўнікамі міліцыі, спыталі яго прозьвішча, затрымалі і зьвезьлі ў невядомым кірунку. Сваякі кажуць, што ў мясцовым РУУС яго няма, дзе ён — невядома.
- Увечары ў Менску на выхадзе з кавярні людзі ў цывільным затрымалі Вольгу Буцько. Яе пасадзілі ў срэбны Volkswagen Polo і зьвезьлі ў невядомым кірунку. Падставы затрыманьня невядомыя.
- Таксама паведамляецца пра затрыманьне актывіста «Эўрапейскай Беларусі» Яўгена Афнагеля. Сілавікі «штурмавалі» яго кватэру ў Менску. Прычыны і падставы затрыманьня пакуль не вядомыя. Паводле інфармацыі «Эўрарадыё», у кватэры, дзе жывуць актывісты «Эўрапейскай Беларусі», прайшлі «маскі-шоў» і ператрус. Затрымалі трох ці чатырох. Сярод іх, верагодна, і Яўген Афнагель.
- Таксама 25 верасьня затрымалі ў рамках крымінальнай справы па арт. 293 Крымінальнага кодэксу магілёўца Аляксея Пахомава. У чым канкрэтна падазраюць Аляксея, пакуль невядома. Каля 13 гадзіны дня да яго ў кватэру ўвайшлі супрацоўнікі ГУБАЗіК з пастановай на ператрус і арышт. Пасьля ператрусу яго адвезьлі ў УУС Магілёўскага аблвыканкаму, а адтуль павезьлі ў Менск.
- Днём 25 верасьня стала вядома, што завялі крымінальную справу па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу (удзел у масавых беспарадках, пагражае ад 3 да 8 гадоў пазбаўленьня волі) на 18-гадовага актывіста з Заслаўя Івана Красоўскага. Іван перастаў выходзіць на сувязь увечары 24 верасьня. Ён дамовіўся сустрэцца зь сябрамі, але на сустрэчу не прыйшоў, толькі напісаў сябрам каля 19 гадзіны, што каля яго знаходзяцца невядомыя людзі і калі ён ня прыйдзе, то яго затрымалі. Раней Івана затрымлівалі 12 жніўня на вакзале ў Менску, моцна зьбілі ў РУУС і на Акрэсьціна, адкуль яго забрала «хуткая». На свабодзе Іван апынуўся ў інвалідным вазку.
Праваабаронцы сьцьвярджаюць, што пасьля выбараў 9 жніўня ў Беларусі агулам было затрымана ўжо пад 12 тысяч чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Такога не было ў гісторыі Беларусі ніколі — ужо 12 тысяч затрыманых», — кіраўнік «Вясны»