Крэмль: адмова краінаў Захаду прызнаць легітымнасьць Лукашэнкі — умяшаньне ў справы Беларусі

Дзьмітры Пяскоў

Адмова шэрагу дзяржаваў прызнаць Аляксандра Лукашэнку прэзыдэнтам Беларусі супярэчыць міжнароднаму праву і зьяўляецца ўскосным умяшаньнем ва ўнутраныя справы гэтай дзяржавы — заявіў Дзьмітры Пяскоў, прэсавы сакратар прэзыдэнта РФ Уладзіміра Пуціна.

Пра гэта паведамляе Інтэрфакс.

«Мы, зразумела, не вітаем падобныя рашэньні, якія былі прынятыя ў шэрагу эўрапейскіх дзяржаваў», — сказаў Пяскоў.

Паводле яго слоў, «такія рашэньні адназначна будуць тармазіць і абцяжарваць вядзеньне дыялёгу гэтых дзяржаваў зь Беларусьсю».

Пяскоў заявіў, што адмова шэрагу краінаў прызнаваць легітымнасьць Лукашэнкі ніяк не паўплывае на адносіны Масквы і Менску. «У любым выпадку, гэтыя рашэньні і пазыцыя, занятая ў дачыненьні да Лукашэнкі шэрагам эўрапейскіх краінаў, ніякім чынам ня можа аказаць уплыў на цяперашні стан і пэрспэктывы далейшага разьвіцьця расейска-беларускіх адносінаў», — сказаў ён.

Паводле Пяскова, «і Беларусь, і Расея — гэта сувэрэнныя краіны, якія выбудоўваюць свае адносіны без аглядкі на іншыя дзяржавы».

Аб непрызнаньні Лукашэнкі легітымным прэзыдэнтам Беларусі заявілі ўжо прадстаўнікі ўладаў Вялікай Брытаніі, Нямеччыны, Даніі, Канады, Латвіі, Літвы, Нідэрляндаў, Нарвэгіі, Польшчы, Славаччыны, ЗША, Украіны, Чэхіі, Швэцыі і Эстоніі.