Спачатку ў Карэліцкі РАУС (Горадзенская вобласьць) на размову выклікалі 13-гадовага Аляксея Шыша. Цяпер асудзілі яго маці Алену Пякарскую.
Пра Алену Пякарскую і яе сына-падлетка Аляксея Шыша Свабода ўжо пісала неўзабаве пасьля падзей пачатку жніўня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пісаў заклікі да мірных акцыяў». У Карэлічах у РАУС раз за разам выклікаюць 13-гадовага падлеткаТады ў адным з карэліцкіх тэлеграм-каналаў праваахоўнікі знайшлі паведамленьне з заклікам выходзіць на акцыі пратэсту ў Карэлічах. На думку супрацоўнікаў міліцыі, яго аўтарам быў 13-гадовы Аляксей Шыш. Яго разам з маці Аленай Пякарскай выклікалі ў РУУС на гутарку. Справа скончылася пагрозамі і прызначэньнем камісіі раённых уладаў, якая мелася вырашыць, ці дастаткова добра Алена выхоўвае свайго сына. Чыноўнікі павінны былі прыйсьці да Алены на пачатку 20-х чыслаў верасьня. Замест іх прыехалі міліцыянты.
«23 верасьня прыкладна каля 14 гадзіны супрацоўнікі міліцыі проста дадому мне прынесьлі позву. Паводле дакумэнту, у дачыненьні да мяне вядзецца адміністратыўны працэс. Маўляў, мяне абвінавачваюць у публікацыі заклікаў выходзіць на мітынгі. Я адразу нічога не зразумела. Таму што ніякіх заклікаў я не пісала, і на той момант мой тэлефон у руках быў. Я супрацоўніку міліцыі кажу — бярыце, глядзіце, што ў мяне ў ім, дзе я каго заклікала да нечага. Міліцыянт сказаў, што ня трэба, што ў іх усе доказы ёсьць».
Пасьля гэтага праваахоўнікі зьехалі, а Алена пайшла ў РУУС з позвай. Там ёй паказалі раздрукоўку скрыншота з заклікам выходзіць на акцыю пратэсту ў Карэлічах.
«Там жа быў бачны мой нумар тэлефона і фатаздымак, — расказвае Алена. — Я яшчэ зьдзівілася, як гэта можа быць. Ну ня памятаю я, каб увогуле нешта такое рабіла. Як увогуле мой здымак можа быць бачны на тэлеграм-канале „Карэлічы 97%“? Сказала ў міліцыі, што нічога такога не пісала. Там жа мне паведамілі, што могуць затрымаць у ІЧУ на трое сутак да суду. Але які ІЧУ? У мяне двое малых дзяцей. Папрасіла падпіску ўзяць да суду, альбо яшчэ штосьці такое. Міліцыянт нешта доўга-доўга пісаў, у выніку пазначыў, што я ня згодная са складзеным пратаколам. Адвялі мяне да начальніка РУУС на размову. Я яму таксама сказала, што нічога ня посьціла ў групы, і ён можа зараз мой тэлефон узяць і пабачыць гэта».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Падлетак расказаў, як у Пінску міліцыянты зламалі яму руку, не дапускалі маці і ня выклікалі «хуткую»Замест гэтага, па словах жанчыны, ёй прапанавалі аддаць тэлефон на экспэртызу. Міліцыянты таксама сказалі, што могуць правесьці дома ў жанчыны ператрус, і дадалі, што ў любым выніку ёй пагражае толькі штраф.
Алена прызнала, што магла зрабіць перапост з заклікам выйсьці на вуліцу ў Карэлічах ненаўмысна.
«Пост з заклікам выйсьці на акцыю пратэсту ў гэтым тэлеграм-канале насамрэч быў, я яго чытала, — расказвае жанчына ў размове са Свабодай. — І, магчыма, празь неасьцярожнасьць скапіявала, нават не зьвярнула на гэта ўвагі. Але гэта ўсё ненаўмысна было, ні да чога такога я не заклікала. Гэта ўсё запісалі ў новы пратакол. Пасьля паехалі дадому да мяне, забралі мой тэлефон безь сім-карты і зьехалі».
Як праходзіў суд
На наступны дзень Алене патэлефанавалі і запрасілі зноў прыйсьці ў міліцыю. Калі яна папрасіла даслаць позву, то міліцыянты прыехалі самі і спачатку адвезьлі жанчыну ў РУУС, а пасьля адразу ў суд. Там Алена прызнала, што магла ненаўмысна зрабіць перапост.
«Суд нядоўга зусім працягваўся, — расказвае яна. — Я там расказала ўсё, як было на самой справе. Судзьдзя пайшла прымаць рашэньне, сказала, што на 10 хвілін. Вярнулася раней і прызнала мяне цалкам вінаватай. Мне прысудзілі штраф у 189 рублёў. Сказалі, што заплаціць трэба цягам месяца. Яшчэ спыталі, наколькі мне неабходны тэлефон. Мне ён патрэбны для працы, а таксама каб адводзіць дзіця ў садзік — там не пускаюць, пакуль не папярэдзіш у вайбэры».
Апошняя акцыя пратэсту ў Карэлічах прайшла ў дзень інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі, у ёй удзельнічала 11 чалавек. Па словах мясцовых жыхароў, іх прыехалі разганяць некалькі дзясяткаў міліцыянтаў у спэцыяльным абмундзіраваньні і са спэцсродкамі. На 28 верасьня прызначаная камісія, каб разгледзець, у якіх умовах Алена Пякарская выхоўвае сваіх дзяцей.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памерла маці 17-гадовага падлетка, які пасьля зьбіцьця сілавікамі трапіў у кому. Дзевяць дзяцей засталіся сіротамі