Сябра прэзыдыюма Каардынацыйнай рады для ўрэгуляваньня палітычнага крызісу ў Беларусі, кіраўнік страйкаму Менскага трактарнага заводу Сяргей Дылеўскі, які вызваліўся 18 верасьня пасля 25-сутачнага адміністрацыйнага арышту, мае намер працягваць удзел у дзейнасці рады.
У гутарцы з БелаПАН Дылеўскі расказаў, што кіраўніцтва МТЗ, дзе ён працуе тэрмістам мэханічнага цэху, пасьля арышту ніякіх санкцый да яго не ўжывала.
«Сям’я была вельмі радая, што мяне нарэшце вызвалілі, з працай таксама ўсё нядрэнна, — сказаў ён. — За дні, што я адсутнічаў, дакумэнты падалі, што я знаходзіўся пад арыштам. І ўсё, па працы да мяне пытаньняў няма. Ніякіх рэпрэсій, ніякіх прэтэнзій кіраўніцтва мне не прад’яўляла. У працоўных умовах для мяне нічога не зьмянілася, усё ў парадку».
На пытаньне, ці мае намер ён і далей браць удзел у працы КР, Дылеўскі адказаў: «Так, пляную займацца па прафсаюзнай лініі — дапамогай работнікам усіх сфэр дзейнасьці ў працоўных пытаньнях».
Паводле кіраўніка страйкаму МТЗ, ён кантактуе зь іншымі сябрамі прэзыдыюма КР «праз трэціх асобаў».
Сяргей Дылеўскі быў затрыманы 24 жніўня каля прахадной МТЗ, куды прыйшоў падтрымаць рабочых разам зь яшчэ адным сябрам прэзыдыюму КР Вольгай Кавальковай за нібыта несанкцыянаванае масавае мерапрыемства (арт. 23.34 КаАП) і непадпарадкаваньне патрабаваньням міліцыі (арт. 23.4 КаАП). 25 жніўня ў судзе Заводзкага раёна Менску Дылеўскі і Кавалькова былі асуджаныя на 10 дзён арышту.
3 верасьня кіраўнік страйкаму МТЗ павінен быў выйсьці на волю, аднак у той жа дзень у судзе Цэнтральнага раёну сталіцы яго прызналі вінаватым паводле арт. 23.34 КаАП — за ўдзел у шматтысячнай дэманстрацыі ў Менску 23 жніўня — і пакаралі 15-сутачным арыштам.
У цяперашні час зь сямі сябраў прэзыдыюму КР на свабодзе і ў Беларусі застаюцца толькі Сяргей Дылеўскі і нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч, астатнія альбо арыштаваныя ў крымінальных справах, або змушаныя былі пакінуць Беларусь.
У ліку апошніх — Вольга Кавалькова, якую вывезьлі з краіны ў ноч на 5 верасьня проста з ізалятару, дзе яна, як і Дылеўскі, адбывала чарговы адміністрацыйны арышт.
Каардынацыйная рада была створаная на ініцыятыву экс-кандыдаткі ў прэзыдэнты Беларусі Сьвятланы Ціханоўскай, якая цяпер знаходзіцца ў Літве. Першае пасяджэньне прайшло 19 жніўня. На наступны дзень Генпракуратура паведаміла, што па факце стварэньня і дзейнасьці рады распачатая справа паводле арт. 361 КК (заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы).
Абвінавачаньне ў рамках гэтай крымінальнай справы прад’яўлена сябрам прэзыдыюму КР Марыі Калесьнікавай і Максіму Знака, а таксама аднаму з адвакатаў Калесьнікавай Ільлі Салею. Яны ўтрымліваюцца пад вартай.