Расейскі апазыцыйны палітык Аляксей Навальны да завяршэньня курсу рэабілітацыі застанецца ў Нямеччыне. Выздараўленьне можа заняць некалькі тыдняў, паведаміла ў чацьвер прэс-сакратарка Навальнага Кіра Ярмыш.
«Цяпер, натуральна, працэс аднаўленьня Аляксея зойме яшчэ шмат часу. Ён застаецца пакуль у Нямеччыне праходзіць рэабілітацыю, гэта відавочна пытаньне ня пары дзён і, напэўна, нават ня тыдняў», — сказала Ярмыш.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аляксея Навальнага выпісалі з бэрлінскай клінікіГазета The New York Times са спасылкай на высокапастаўленага прадстаўніка органаў бясьпекі ФРГ пісала, што паслья акрыяньня Навальны не плянуе заставацца ў Нямеччыне, а хоча вярнуцца ў Расею і працягваць сваю дзейнасьць. «Ніякіх іншых варыянтаў ніколі не разглядалася», — адзначала ў гэтай сувязі Кіра Ярмыш.
20 жніўня Аляксею Навальнаму стала дрэнна ў палёце з Томска ў Маскву. Самалёт зьдзейсьніў экстраную пасадку ў Омску. Апазыцыянэр быў шпіталізаваны ў коме ў рэанімацыю мясцовай бальніцы. Праз два дні яго — на патрабаваньне родных і паплечнікаў — перавезьлі ў Бэрлін.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нямеччына ня можа пачаць расьсьледаваньне замаху на НавальнагаУ пачатку верасьня ўлады Германіі са спасылкай на лябараторыю Бундэсвэру абвясьцілі, што ў арганізьме Навальнага знойдзеныя сьляды яду з групы «Навічок». Падобным рэчывам, паводле зьвестак брытанскага сьледзтва, у ангельскім горадзе Солсбэры у 2018 годзе былі атручаныя былы расейскі выведнік Сяргей Скрыпаль і яго дачка. Пазьней тое, што Навальны быў атручаны «Навічком», пацьвердзілі незалежныя лябараторыі ў Францыі і Швэцыі.
Расейскія ўлады заяўлялі, што лекары ў Расеі не знайшлі сьлядоў ядаў у арганізьме Навальнага, і што падстаў для крымінальнага расьсьледаваньня таго, што здарылася зь ім, няма.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адзін з распрацоўнікаў «Навічка»: на аднаўленьне Навальнаму спатрэбіцца годФранцуская Le Monde на гэтым тыдні, спаслаўшыся на свае крыніцы, паведаміла дэталі размовы прэзыдэнта Францыі Эманюэля Макрона з Уладзімірам Пуцінам, якая адбылася 14 верасьня. Расейскі прэзыдэнт нібыта ўскосна пагадзіўся з тым, што Навальны мог быць атручаны, аднак, на думку Пуціна, яд ён мог прыняць сам. Пасьля гэтай публікацыі прэс-сакратар Крамля Дзьмітрый Пяскоў пацьвердзіў факт размовы, але адзначыў, што «газэта недакладная у перададзеных фармулёўках».