Беларус, які жыве за мяжой, прыдумаў мабільную аплікацыю «Крама»: яна дапамагае вызначыць, ці зьвязаная кампанія — вытворца таго ці іншага тавару з Аляксандрам Лукашэнкам або зь дзяржаўнымі кампаніямі, якія ўціскаюць супрацоўнікаў за ўдзел у пратэстах. За першы тыдзень праграму спампавалі больш за 60 тысяч карыстальнікаў iOS і Android.
Аўтар аплікацыі Сяргей Кастрама расказаў тэлеканалу «Настоящее время» пра тое, навошта ён яе стварыў, якія кампаніі ўнёс у чорны сьпіс і якога эфэкту чакае.
Як зьявілася і як працуе «Крама»
«Чатыры тыдні таму ў маёй стужцы фэйсбуку пачалі гуляць сьпісы тавараў або вытворцаў, якія знаходзяцца ў блізкім коле цяперашняга рэжымам у Беларусі, альбо нейкіх дзяржаўных прадпрыемстваў, дзе чыняць ціск на работнікаў. Я пачаў думаць, што, напэўна, вельмі складана запамінаць усе назвы вытворцаў, сачыць за гэтым сьпісам», — так Сяргей Кастрама расказвае аб нараджэньні сваёй ідэі.
Увасобіць яе ён вырашыў у выглядзе мабільнай праграмы, якая правярала б вытворцаў паводле штрыхкодаў: «Пагатоў штрыхкод не займае шмат месца ў тэлефоне, і праграма можа працаваць без інтэрнэту. Я зьвязаўся зь сябрам-праграмістам, апісаў яму тэхнічнае заданьне, ён сказаў, што гэта вельмі нескладана — галоўнае знайсьці тыя штрыхкоды. Выявілася, што гэта цяжкавата, але ў выніку ў адкрытых крыніцах я знайшоў патрэбныя штрыхкоды. Зразумеў, што нам ня трэба ведаць усё пра кожны тавар, трэба ведаць толькі вытворцаў, а з штрыхкоду гэта лёгка вычытаць. Я стварыў базу, а мой сябар-праграміст зрабіў праграму».
Аплікацыю выклалі для пампаваньня ў пачатку верасьня, 13-га яго ўхвалілі для сваіх плятформаў Apple і Google. 14 верасьня Сяргей напісаў у фэйсбуку аб новым інструмэнце: «Прыходзіце ў краму — скануеце штрыхкод (ці ўводзіце першыя 7 лічбаў), і „Крама“ вам кажа: „Бяры сьмела“ або „Задумайся“».
«З 15 верасьня, я заўважыў, пайшло ўсталяваньне, — апавядае Кастрама. — Актыўных усталяваньняў на Android 45 зь нечым тысяч, на Apple актыўна ўсталявана каля 20 тысяч. Пакуль вялікага адтоку мы не заўважылі, у працэнтавых суадносінах гэта недзе 2%. І мы пакуль не займаліся раскруткай».
У камандзе распрацоўнікаў-энтузіястаў тры чалавекі. Гэта аўтар ідэі Сяргей (юрыст паводле адукацыі) і двое яго знаёмых — той самы праграміст і дызайнэр: «Зьявіўся чалавек, які дапаможа з тым, каб наша праграма выглядала трохі больш сучасна». Над «Крамай» усе трое працуюць у вольны ад асноўнай працы час і манэтызаваць аплікацыю пакуль ніяк не плянуюць.
«Без Андрэя». Чэская праграма, якая натхніла беларусаў
Сяргей Кастрама даўно жыве ў Празе і, вядома, ствараючы праграму для беларусаў-пратэстоўцаў, ведаў пра чэскую аплікацыю «Без Андрэя» (Bez Andreje). Яе распрацавалі апанэнты дзейнага прэм’ер-міністра краіны і мільярдэра Андрэя Бабіша.
Палітык, лідэр партыі ANO і кіраўнік кабінэту міністраў Чэхіі Бабіш
валодае мэдыяхолдынгам AGF Media і буйным аграхолдынгам Agrofert. У 2017 годзе ён абвясьціў, што перадаў кіраваньне кампаніямі сынам, але расьсьледаваньне Эўракамісіі паказала, што менавіта Андрэй Бабіш застаецца канчатковым бэнэфіцыярам прадпрыемстваў.
Прэтэнзіі апанэнтаў да Бабіша палягаюць ня толькі ў тым, што ён надалей валодае буйнымі кампаніямі. Яго падазравалі ў фінансавых махінацыях з датацыямі Эўразьвязу, паліцыя гатовая была нават выставіць Бабішу абвінавачаньні — але справу закрылі пасьля зьмены міністра юстыцыі. Супраць прэмʼер-міністра ў сталіцы Чэхіі праходзілі некалькі рэкордна буйных мітынгаў, у кожным зь якіх удзельнічалі ня менш за 200 тысяч чалавек. Новыя выбары ў краіне пройдуць у кастрычніку.
Пакуль жа апанэнты Бабіша выкарыстоўваюць праграму «Без Андрэя», калі хочуць выказаць сваю нязгоду яшчэ і эканамічна — не купляць прадукты, вырабленыя кампаніямі яго аграхолдынгу. Для гэтага дастаткова адсканаваць штрыхкоды на ўпакаваньні тавару ў краме. Паводле зьвестак на 2019 г., праграму спампавалі больш за 230 тысяч чалавек (насельніцтва Чэхіі — 10,5 млн чалавек).
Якія кампаніі трапляюць у беларускі «чорны сьпіс»
Калі ў Чэхіі ў базу штрыхкодаў «Без Андрэя» трапляе прадукцыя кампаніяў Agrofert, то ў беларускай праграме ідзецца пра тавары, вырабленыя кампаніямі, «якія належаць асобам, афіліяваным з блізкім колам Аляксандра Лукашэнкі», кажа Сяргей Кастрама. Ён падкрэсьлівае, што фармуе чорны сьпіс ня сам: удзельнікі пратэстаў выкладаюць у групы ў сацыяльных сетках інфармацыю пра тое, як той ці іншы бізнэсмэн або кампанія зьвязаныя з Лукашэнкам, — грунтуючыся на журналісцкіх расьсьледаваньнях або адкрытых крыніцах.
«У чорны сьпіс беларусы ўключаюць кампаніі буйных бізнэсоўцаў, набліжаныя да сямʼі Лукашэнкі. Такіх, прыкладам, як Машэнскі або Алексін», — кажа Кастрама.
Згаданы ім Аляксандар Машэнскі валодае групай кампаніяў «Санта-Брэмар», якая абʼядноўвае больш за дваццаць прадуктовых брэндаў (напрыклад, «Рускае мора», «Маціяс», «Савушкін прадукт»), а таксама кампаніямі-рытэйлерамі, гатэлямі і рэстаранамі, дэвэлапэрскімі кампаніямі. Машэнскі ўзначальвае рэйтынг самых уплывовых бізнэсоўцаў Беларусі.
Аляксей Алексін — у мінулым беларускі дзяржаўны службовец, а цяпер бізнэсмэн, які валодае кампаніямі, якія займаюцца гуртовым гандлем нафтапрадуктамі. Самы вядомы і скандальны актыў Алексіна зьвязаны з вытворчасьцю і продажам тытуню: бізнэсоўцу належыць тытунёвая фабрыка ў Горадні, яго кампанія мае ліцэнзію на імпарт тытуню (адзіная, акрамя дзяржаўнай кампаніі «Беларусьгандаль»), і гэта яго кампанія ставіць сетку гандлёвых пунктаў «Табакерка» па ўсёй краіне — што ўжо выклікала абурэньне жыхароў, пэтыцыі супраць асобных тытунёвых шапікаў і марныя спробы зьвяртацца ў міністэрства аховы здароўя.
«Другое — гэта тавары, створаныя альбо перапрацаваныя на дзяржаўных прадпрыемствах, дзе якім-небудзь чынам работнікаў прымушалі датэрмінова галасаваць альбо звальнялі за выказваньне сваёй думкі, — працягвае аўтар праграмы «Крама». — Мы зыходзім з таго, што можна знайсьці ў адкрытых крыніцах — гэта афіцыйныя сайты прадпрыемстваў, паведамленьні ў беларускіх і іншых паважаных мэдыя пра тое, як паводзіцца кіраўніцтва гэтых прадпрыемстваў з супрацоўнікамі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Google і Apple створаць тэхналёгію, каб адсочваць кантакты людзей з каранавірусамАкрамя таго, у базу зьвестак ён уносіць штрыхкоды прадпрыемстваў, якія пасьля 9 жніўня 2020 году рэклямуюць свае тавары на дзяржаўным тэлебачаньні: «Паколькі быў заклік не рэклямавацца пасьля 9 жніўня на дзяржаўным тэлебачаньні ў сувязі зь вядомымі падзеямі».
«Чацьвёртае — гэта тавары, створаныя на прадпрыемствах галоўнага гаспадарчага ўпраўленьня пры прэзыдэнту. Пятае — гэта цыгарэты, шостае — гэта алькаголь, бо цяпер паліць і піць вельмі шкодна ня толькі для свайго здароўя, але і для здароўя навакольных», — кажа Сяргей.
Галоўнае гаспадарчае ўпраўленьне пры прэзыдэнту Рэспублікі Беларусі пра якое ён згадвае, вядзе рознага кшталту камэрцыйную дзейнасьць: здае ў арэнду нерухомасьць, аказвае паслугі насельніцтву (інтэрнэт-правайдэры, атэлье і іншыя), а таксама валодае сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі.
«Напрыклад, мінэральная вада „Баравая“ — пра яе вельмі шмат гавораць. Яе робіць кампанія, падкантрольная галоўнаму гаспадарчаму ўпраўленьню пры прэзыдэнту, — кампанія „Беларусьгандаль“. Гэта ўсе ведаюць. Калі мы не ўключылі гэтую ваду — нам адразу пачалі пісаць: чаму яе няма? Або чаму няма тавараў, якія вырабляе найбуйнейшы апэратар раздробнага гандлю ў Беларусі? Паколькі гэты апэратар парушаў правы работнікаў і пагражаў ім звальненьнем за ўдзел у мірных акцыях, то іх будуць звальняць. Мы адразу выправілі сытуацыю, цяпер гэтая кампанія ў сьпісах і карыстальнікі могуць яе праверыць», — апавядае Кастрама.
Калі карыстальнік ня згодны ці хоча падрабязьней даведацца, чаму тая ці іншая кампанія трапіла ў сьпіс, распрацоўнікі праграмы прапануюць напісаць на ўказаны паштовы адрас.
Этыка і эканоміка: чаго хочуць дамагчыся аўтары праграмы
Сяргей расказвае, што карыстальнікі актыўна карыстаюцца магчымасьцю зваротнай сувязі: у асноўным пытаюць, чаму той ці іншы тавар яшчэ ня ў чорным сьпісе. Ёсьць і тыя, хто прапаноўвае памяняць інтэрфэйс або дызайн. «Многія проста дзякуюць, бо нарэшце зьявіўся інструмэнт, які дазваляе хутка зразумець, што ўсё ж такі ня варта купляць, а што варта, каб сумленьне было чыстае і ты не фінансаваў гвалт і катаваньні», — кажа Кастрама.
«Мы зыходзім з таго, што байкот ладзяць людзі. Калі б не было такога інструмэнту, яны ўсё адно б ладзілі. Мы проста дапамагаем тым людзям, якія мерацца ўдзельнічаць у байкоце, зрабіць яго з найменшай шкодай для сябе, меншымі стратамі часу, стратамі нейкага настрою — у многіх пагаршаецца настрой, калі яны ня могуць доўга зрабіць выбар у краме».
Сяргей дадае, што хоча разьвіваць аплікацыю, ствараючы вакол яе суполку, удзельнікі якой ня толькі байкатуюць нейкія тавары, але і дзеляцца інфармацыяй аб этычных прыватных вытворцах, якія не парушаюць праўных або іншых нормаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амэрыканская кампанія, чыя тэхніка ўжывалася для блякаваньня інтэрнэту, скасавала кантракт зь Беларусьсю«Мы разумеем, што давесьці да банкруцтва тыя кампаніі такой праграмай немагчыма. Але яна дазваляе паслаць сыгнал уладальнікам кампаніяў. Калі гэта стане вельмі масавым і па ўсёй Беларусі ўсе будуць выкарыстоўваць такі спосаб мірнага пратэсту, то, вядома ж, можна дасягнуць нейкага эканамічнага эфэкту. Але мы зыходзім з таго, што 100% насельніцтва ня будзе выкарыстоўваць нашу праграму — мы рэалісты».
Кастрама ўпэўнены, што нават у разе шалёнай папулярнасьці «Крамы» эканамічны байкот нашкодзіць толькі ўладальнікам прадпрыемстваў, а ня людзям, якія на іх працуюць: «Калі работнікам пасылаецца сыгнал, што іхную прадукцыю ня хочуць купляць грамадзяне Беларусі — абсалютная большасьць, — тады яны задумаюцца, хто валодае іх кампаніяй. Мы ўпэўненыя, што ў гэтым выпадку працоўныя зьвернуцца да свайго кіраўніцтва або ўладальніка і зададуць яму пытаньне: чаму ён мае такую грамадзянскую пазыцыю, а ня іншую, калі абсалютная большасьць грамадзян Беларусі хочуць пераменаў? Чаму ўладальнікі ня выкажуцца адкрыта, што яны таксама хочуць пераменаў і хочуць жыць у вольнай і шчасьлівай Беларусі? Мы ўпэўненыя, што такім чынам мы не нашкодзім работнікам ніяк. Мы можам нашкодзіць толькі маральнаму абліччу ўладальнікаў гэтай кампаніі».