24 верасьня памерла маці 17-гадовага падлетка Цімура М. Тацяна. Яго 12 жніўня падчас пратэстаў зьбілі так, што спатрэбілася штучная кома. Пасьля Цімур М. стаў падазраваным у крымінальнай справе аб масавых беспарадках.
«Сіротамі засталіся дзевяць дзяцей, сямёра зь іх непаўналетнія. Тацяну вельмі падкасіла гісторыя гвалту, якую перажыў яе сын, гісторыя яго перасьледу», — напісала ў фэйсбуку Натальля Васілевіч. Інфармацыю аб сьмерці Тацяны М. пацьвердзіла крыніца Свабоды.
16-гадовы Цімур М. 13 жніўня трапіў у рэанімацыю 3-га дзіцячага шпіталю з Партызанскага РУУС Менску. Як расказалі сваякі Цімура М., 12 жніўня на яго напалі супрацоўнікі АМАПу, калі ён ішоў да сябра.
Хлопец, які сёлета скончыў 9 клясу, трапіў у рэанімацыю, яго ўводзілі ў кому і падключалі да апарату штучнай вэнтыляцыі лёгкіх. Яго даставілі з РУУС у лякарню з чэрапна-мазгавой траўмай, страсеньнем галаўнога мозгу, адкрытым пераломам сківічна-арбітальнага комплексу, сутаргавым сындромам, параарбітальнай гематомай справа, множнымі ўдарамі мяккіх тканак і канцавін, траўматычнымі эрозіямі празарокі абодвух вачэй.
3 верасьня Сьледчы камітэт паведаміў: падчас вывучэньня шматлікіх запісаў камэраў відэаназіраньня вызначана, што 17-гадовы Цімур М., які запаў у кому пасьля пабіцьця амапаўцамі, знаходзіўся «ў эпіцэнтры масавых беспарадкаў» 10 жніўня на вуліцы Прытыцкага ў Менску. Акрамя гэтага, паводле СК, сьледчыя выявілі дачыненьне Цімура М. да ўзброенага нападу на кіроўцу грузавога аўтамабіля МАЗ, які прыехаў эвакуаваць няспраўны тралейбус. Цімура М. затрымалі і адвезьлі на допыт у рамках артыкулу 293 КК (масавыя беспарадкі).
Пасьля допыту ў Сьледчым камітэце хлопец пад канвоем зноў трапіў у шпіталь. У падлетка моцныя панічныя атакі.
10 верасьня Цімур М. зьнік з 2-й дзіцячай клінікі Менску. Сямʼя Цімура падала ў міліцыю заяву аб яго зьнікненьні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьбітага падлетка, які быў у коме, хочуць дапытаць у крымінальнай справе аб масавых беспарадках