Сын міністра замежных спраў Беларусі Ўладзімера Макея Віталь звольніўся з МЗС. Пра гэта піша «Наша ніва» са спасылкай на «некалькі ніяк не зьвязаных паміж сабой крыніц».
Апошнія тры гады Віталь Макей адпрацаваў у цэнтральным апараце МЗС. Ён быў старшым дарадцам упраўленьня ўстойлівага разьвіцця галоўнага ўпраўленьня шматбаковай дыпляматыі.
Да гэтага сын кіраўніка МЗС Уладзімера Макея папрацаваў дарадцам у эканамічных і экалягічных пытаньнях у прадстаўніцтве Беларусі пры ААН. А яшчэ раней быў першым сакратаром пасольства Беларусі ў Аўстрыі.
«Я ўстрымаюся ад адказу. Спадзяюся на ваша разуменне», — адказаў Віталь Макей на пытаньне пра сваё звальненьне.
Прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз таксама адмовіўся пацьвердзіць ці абвергнуць «Нашай ніве» гэтую інфармацыю; ён спаслаўся на тое, што ніколі не камэнтуе кадравай палітыкі ведамства.
«Наша ніва» паведамляе таксама пра звальненьне намесьніцы начальніка службы дзяржаўнага пратаколу, начальніцы аддзелу візытаў Тацьцяны Федаровіч. Яна 23 верасьня нібыта разьвітвалася з калектывам.