Увечары 23 верасьня ў розных гарадах Беларусі людзі выйшлі на акцыі пратэсту супраць інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі, якая прайшла ўдзень. Неўзабаве пачаліся затрыманьні ў Менску, Берасьці, Магілёве, Гомлі і іншых гарадах краіны.
У Менску людзей разганялі вадамётамі, зьбівалі пры затрыманьні, сілавікі некалькі разоў ужылі сьлезацечны газ.
Праваабаронцы «Вясны» зьбіраюць сьпіс затрыманых на акцыях пратэсту 23 верасьня. Па стане на 00.20 24 верасьня ў сьпісе ўжо больш за 200 прозьвішчаў затрыманых у Менску, Магілёве, Горадні, Гомлі, Берасьці, Бараўлянах, Сьмілавічах, Століне, Барысаве, Баранавічах, Паставах і Маладэчне. Сьпіс дапаўняецца. У розных раёнах Менску і цяпер працягваюцца кропкавыя затрыманьні пратэстоўцаў.