Былы амбасадар Беларусі ў Славаччыне Ігар Ляшчэня 23 верасьня выступіў з ініцыятывай стварэньня грамадзкага руху.
Паводле яго, абазначыўся і паглыбіўся крызіс і раскол у грамадзтве, і адным з адказаў можа быць далейшая самаарганізацыя грамадзтва.
«Тое, у якой сакрэтнасьці рыхтавалася інаўгурацыя прэзыдэнта, пацьвярджае, што і сама ўлада выдатна разумее ўсё гэта. І тым ня менш нам трэба размаўляць з гэтай уладай як з рэальным і ўсё яшчэ вельмі моцным апанэнтам. Нам не хапае створанага і зарэгістраванага ў поўнай адпаведнасьці зь дзейным заканадаўствам грамадзкага руху, які мог бы сказаць сваё важкае слова як у пытаньнях аб катаваньнях і зьдзеках і расьсьледаваньні гэтых катаваньняў і зьдзекаў, так і пра лёс нашай краіны, у тым ліку рэформу органаў дзяржаўнай улады і кіраваньня», — сказаў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амбасадараў Латушку, Ляшчэню і Марковіча пазбавілі дыпляматычнага рангуІгар Ляшчэня адзначыў, што дыялёг як адзіны цывілізаваны спосаб вырашэньня канфліктаў мае сэнс толькі паміж прыхільнікамі розных пунктаў гледжаньня. Паводле яго, ненармальна, калі ўлада абмяркоўвае важныя для грамадзтва пытаньні толькі з арганізацыямі і партыямі, якія яна сама ж стварыла або падтрымлівае.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амбасадар Беларусі ў Славаччыне, які падтрымаў пратэсты ў Беларусі, падаў у адстаўкуІгар Ляшчэня быў адным зь першых чыноўнікаў, хто падтрымаў пратэсты ў Беларусі. У сваім відэазвароце 16 жніўня ён наўпрост заявіў, што салідарны з тымі, хто выходзіць з пратэстамі на вуліцы гарадоў. А праз два дні пасьля гэтай заявы дыплямат падаў у адстаўку.