У Кіеве беларусы пікетавалі амбасаду Беларусі, пратэстуючы супраць інаўгурацыі Лукашэнкі. ФОТА

Беларусы, якія зьехалі ва Ўкраіну ў пошуках бясьпекі, сабраліся ля амбасады Беларусі ў Кіеве, пратэстуючы супраць уступленьня Аляксандра Лукашэнкі на пасаду прэзыдэнта.

Большасьць зь іх — супрацоўнікі ІТ-кампаній, якія працуюць цяпер ва Ўкраіне.

Удзельнікі акцыі сьпявалі разам песьню «Тры чарапахі», скандавалі «Жыве Беларусь», «Саша, сыходзь!», «Пайшоў гэць, ты і твой АМАП», «Як ашчушчэнія?», «Мы не народзец», «Свабоду».

Пратэстоўцы зладзілі флэшмоб, у часе якога каранавалі аднаго прэзыдэнта і сваіх сабак, перад гэтым правёўшы пераклічку — ці ўсе «наркоманы, овцы, проститутки и алкоголики» зьявіліся на ўрачыстую падзею. Акцыя трывала больш як гадзіну. Увесь гэты час амбасада ахоўвалася ва ўзмоцненым рэжыме. У некалькіх вокнах гарэла сьвятло.

Паводле афіцыйнага паведамленьня, амбасадар Беларусі ва Ўкраіне Ігар Сокал сёньня знаходзіўся ў Мелітопалі Запароскай вобласьці, дзе правёў сустрэчу з кіраўніцтвам мясцовай улады і беларускай дыяспары.

На сустрэчы з намесьнікам мэра ён абмяркоўваў магчымасьць узмацненьня двухбаковых і рэгіянальных дачыненьняў, а прадстаўнікам дыяспары перадаў беларускія нацыянальныя строі. У амбасадзе таксама паведамілі, што Ігар Сокал наведаў мясцовую гімназію, дзе вывучаюць беларускую мову. Вучням, якія зладзілі канцэрт, падаравалі цукеркі фабрыкі «Камунарка».