Галоўны рэдактар «Нашай нівы» ў ізалятары, яго падазраюць у паклёпе на намесьніка кіраўніка МУС

Ягора Марціновіча выводзяць зь ягонай кватэры

Галоўнага рэдактара «Нашай нівы» Ягора Марціновіча прызналі падазраваным паводле арт. 188 Крымінальнага кодэксу («Паклёп»). Наступныя трое сутак ён правядзе ў ізалятары, паведаміла жонка Марціновіча Адар'я Гуштын.

Як удакладняла Адар'я Гуштын, крымінальную справу завялі паводле артыкулу 188 КК «Паклёп» — за артыкул «Нашай нівы», дзе сьцьвярджалася, што ў камэру да «дыджэя пераменаў» Уладзіслава Сакалоўскага на Акрэсьціна прыходзіў чалавек, падобны да намесьніка міністра ўнутраных спраў Аляксандра Барсукова. Апошняга прызналі пацярпелым у крымінальнай справе.

Вінаватым у паклёпе можа пагражаць да трох гадоў пазбаўленьня волі, сказаў Свабодзе адвакат Марціновіча.

Раніцай 23 верасьня ў кватэры Ягора Марціновіча правялі ператрус супрацоўнікі ўпраўленьня ўласнай бясьпекі МУС. З кватэры канфіскавалі кампутэрную тэхніку, тэлефоны і лічбавыя носьбіты Ягора Марціновіча і яго жонкі журналісткі Tut.by Адарʼі Гуштын. Марціновіча вывезьлі з кватэры пасьля ператрусу для допыту ў Цэнтральным апараце Сьледчага камітэту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У кватэры галоўнага рэдактара «Нашай нівы» і журналісткі Tut.by правялі ператрус. Ягор Марціновіч на допыце ў СК. ВІДЭА