Інаўгурацыя 2020-га адбылася на 45-ы дзень пасьля выбараў, яна не трансьлявалася на тэлевізіі, не было таксама і анонсу ў СМІ. Свабода параўнала інаўгурацыі ў 2015 і 2020 гадах.
2015
Інаўгурацыя прайшла 6 лістапада, на 26-ы дзень пасьля выбараў. Працэс трансьляваўся па БТ, а таксама на каналах дзяржаўнага радыё. Дата інаўгурацыі была абвешчаная загадзя. На ёй прысутнічалі некалькі соцень чалавек.
Кожны этап інаўгурацыі суправаджаўся відэа і фота.«Пад гукі фанфар Аляксандар Лукашэнка прайшоў у залю ўрачыстых цырымоній Палаца Незалежнасьці», — паведамляла БелТА ў 2015-м.
На інаўгурацыі, апроч дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і чальцоў Савету Рэспублікі, прысутнічалі чыноўнікі, дзеячы культуры і навукі, прадстаўнікі дыпляматычнага корпусу.
Была апублікаваная прамова, зь якой выступаў Аляксандар Лукашэнка. Пасьля цырымоніі «ўрачыстыя мерапрыемствы перамясьціліся на плошчу Дзяржаўнага сьцяга», — пісала БелТА.
У Палацы Рэспублікі ў той жа дзень адбыўся сьвяточны канцэрт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я не магу, ня маю права кінуць беларусаў». Што сказаў Лукашэнка падчас інаўгурацыі
2020
Інаўгурацыя прайшла на 45-ы дзень пасьля выбараў, пра яе ніхто ня ведаў, загадзя дата не абвяшчалася.
Ніякіх фанфар; невядома, хто прысутнічаў на інаўгурацыі, хаця паводле закону там мусілі прысутнічаць дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, у інтэрвію Tut.by дэпутат Алег Гайдукевіч сказаў, што «яго не запрашалі на інаўгурацыю, а дата невядомая».
Не было прамой трансьляцыі інаўгурацыі на дзяржаўнай тэлевізіі і радыё; пра тое, што яна прайшла, стала вядома пастфактум — паведамілі некалькі дзяржаўных СМІ.
Картэж ехаў пустымі менскімі вуліцамі, быў перакрыты цэнтральны праспэкт Незалежнасьці і праспэкт Пераможцаў, Палац Незалежнасьці зранку 23 верасьня атачылі сілавікі.
Па законе «Аб прэзыдэнце Рэспублікі Беларусь» працэс прыняцьця прысягі прэзыдэнтам мусіць трансьлявацца на дзяржаўнай тэлевізіі. Упершыню ў гісторыі незалежнай Беларусі інаўгурацыя прайшла таемна, без трансьляцыі і анонсу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску затрымалі ўдзельнікаў пікету супраць інаўгурацыі Лукашэнкі. ФАТАФАКТ