Лукашэнка ўступіў на пасаду прэзыдэнта Беларусі, сьцьвярджае Белта. У сваім тэлеграм-канале дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва паведаміла, што цырымонія інаўгурацыі ў гэтыя хвіліны праходзіць у Палацы Незалежнасьці.
«Паклаўшы правую руку на Канстытуцыю, Аляксандр Лукашэнка вымавіў прысягу на беларускай мове. Затым ён падпісаў акт аб прынясеньні прысягі, пасьля чаго старшыня Цэнтральнай камісіі Беларусі па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына ўручыла Аляксандру Лукашэнку пасьведчаньне Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь».
Сёньня ранкам цэнтральныя вуліцы Менску былі перакратыя. Каля Палацу Незалежнасьці назіралася вялікая актыўнасьць сілавікоў. Прэс-сакратарка Лукашэнкі Натальля Эйсмант адмовілася называць дакладную дату інаўгурацыі.
«Магу пакуль сказаць толькі, што бліжэй да часу інаўгурацыі мы вам абавязкова паведамім», — сказала яна РІА Новости.
На даху Палацу Незалежнасьці ў гэтым момант знаходзяцца сілавікі.
Фотаздымак зь нібыта цырымоніі інаўгурацыі апублікаваў тэлеграм канал «Пул Первого».
Паводле агенцтва Белта, на інаўгурацыю запрошаныя некалькі сотняў чалавек.
«У іх ліку вышэйшыя службовыя асобы, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і чальцы Савета Рэспублікі, кіраўнікі дзяржаўных органаў і арганізацый, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, рэспубліканскіх сродкаў масавай інфармацыі, дзеячы навукі, культуры і спорту». — гаворыцца на сайце агенцтва.