Члены камітэту замежных спраў Сэнату ЗША ў аўторак падтрымалі кандыдатуру Джулі Фішэр на пасаду амбасадара краіны ў Беларусі. Пра гэта інфармуе Інтэрфакс.
У ходзе пасяджэньня Фішэр была ў ліку 15 кандыдатаў на розныя пасады, зацьвярджэньнем якіх займаецца Сэнат.
Цяпер Сэнат у поўным складзе павінен прагаласаваць па кандыдатуры Фішэр. Чакаецца, што яна без праблем займее там падтрымку большасьці і, такім чынам, стане амбасадарам у Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзярждэпартамэнт ЗША прыгразіў Расеі наступствамі пры прымяненьні сілы ў Беларусі
Пры гэтым кіраўнік камітэту замежных спраў Джым Рыш падкрэсьліў, што адпраўку амбасадара ў Беларусь у пэрыяд, калі ў гэтай краіне праходзяць масавыя акцыі пратэсту, ня варта ўспрымаць як знак падтрымкі беларускаму прэзыдэнту Аляксандру Лукашэнку.
«Я спадзяюся, ніхто ня будзе інтэрпрэтаваць адпраўку пасла як падарунак для Лукашэнкі (...) Яму варта сысьці са сваёй пасады», — сказаў Рыш.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Высокапастаўлены амэрыканскі дыплямат: «Мы хочам, каб Беларусь заставалася сувэрэннай, незалежнай краінай»
Джулі Фішэр — кар'ерная дыпляматка. Раней яна працавала ў амбасадах ЗША ў Кіеве, Маскве, Тбілісі, а таксама ў місіі ЗША пры NATO. Апошняя пасада — намесьнік памочніка дзяржсакратара ў справах Эўропы.