Зноў запрацаваў сайт МУС Беларусі. Ён быў недаступны 19 дзён

Скрыншот са старонкі сайта МУС за 22 верасьня

22 верасьня зноў запрацаваў афіцыйны сайт Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі, паведаміла прэс-сакратарка МУС Вольга Чамаданава ў Тэлеграме. Сайт быў недаступны 19 дзён — з 3 верасьня.

У прэс-службе МУС паведамілі, што праца сайта «была прыпыненая з тэхнічных прычын».

Доступ да сайта МУС зьнік 3 верасьня. Ведамства тады паведаміла, што «была зроблена спроба ўкараненьня шкодных праграм, якія блякуюць або ўносяць зьмены ў працу шэрагу інфармацыйных рэсурсаў МУС», і падкрэсьліла, што «спэцыялісты ведамства займаюцца ліквідацыяй выяўленых праблем».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Кібэрпартызаны» атакавалі сайты гандлёва-прамысловай палаты і «Белай Русі»

Згодна са скрыншотамі, якія публікавалі СМІ, перад тым як сайт перастаў працаваць, на ім зьявіліся аб’явы аб вышуку прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі і міністра ўнутраных спраў Юрыя Караева, якія «абвінавачваюцца ў ваенных злачынствах супраць беларускага народу».

На наступны дзень перасталі працаваць сайты Беларускай гандлёва-прамысловай палаты і грамадзкага аб’яднаньня «Белая Русь», пры гэтым на іх зьявіўся зварот ад «кібэрпартызанаў Беларусі». 14 верасьня перастаў працаваць сайт Міністэрства падаткаў і збораў. Былі таксама атакі на сайты Акадэміі МУС, «Беларускіх лятарэй».