Трамп на Генэральнай асамблеі ААН заявіў пра адказнасьць Кітаю за COVID-19

Значную частку свайго выступу 22 верасьня на Генэральнай асамблеі ААН прэзыдэнт Злучаных Штатаў Дональд Трамп прысьвяціў пандэміі каранавірусу.

Трамп назваў каранавірус «кітайскім вірусам» і выступіў з абвінавачаньнямі на адрас Кітаю ва ўтойваньні інфармацыі пра пачатак новай каранавіруснай інфэкцыі пад канец мінулага году ад міжнароднай супольнасьці. Паводле словаў Трампа, Кітай неабходна прыцягнуць да адказнасьці за тое, што ён не зрабіў дастатковых захадаў для лякалізацыі эпідэміі.

Як і іншыя лідэры дзяржаваў, Трам выступіў на юбілейнай, 75-й сэсіі Генэральнай асамблеі ААН дыстанцыйна. Выступ быў запісаны загадзя, у залі пасяджэньняў знаходзіліся толькі генэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш, старшыня 75-й сэсіі і сталыя прадстаўнікі дзяржаваў пры міжнароднай арганізацыі, якія анансуюць выступы сваіх лідэраў.

Частку свайго выступу Трамп прысьвяціў таксама заключаным нядаўна пагадненьням аб нармалізацыі адносін паміж Ізраілем, Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі і Бахрэйнам. Ён адзначыў пасярэдніцкую ролю ЗША, заявіўшы, што мірны працэс на Блізкім Усходзе будзе працягнуты.