Суд над Анатолем Бокунам адбыўся ў будынку Салігорскага РАУС а 18:00 21 верасьня.
Анатоль Бокун, адзін зь лідэраў страйкаму «Беларуськалія», стаўся адзіным пакараным пасьля затрыманьня 22 рабочых, што выказвалі падтрымку шахтару Алега Кудзёлку, які ўчора адмовіўся падымацца з шахты на знак пратэсту супраць фальшывых выбараў і гвалту ў краіне.
На Анатоля Бокуна склалі пратакол за несанкцыянаванае мерапрыемства, з астатнімі правялі гутаркі і выпусьцілі — паведамілі Свабодзе ў Менскай абласной управе ўнутраных спраў.
Днём 21 верасьня прадстаўнік прэс-службы УУС Менскай вобласьці Сяргей Чабатароў сказаў Свабодзе, што ў Салігорску на «Беларуськаліі» затрымалі 22 чалавек.
Як паведаміў страйкам «Беларуськалію», суд, які разглядаў справу Бокуна, пастанавіў: 25 сутак адміністрацыйнага арышту, паводле двух пратаколаў: артыкул 23.4 (непадпарадкаваньне) і артыкул 23.34 (парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў).
31 жніўня Анатоль Бокун быў пакараны арыштам на 15 сутак паводле аналягічнай справы аб парушэньні парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў.