Жаночыя маршы, сорам і справядлівы суд

Жаночы марш у Менску. 12 верасьня.

У разгар рэвалюцыі беларускіх жанчын зноў заклікаюць думаць найперш пра сям’ю. І хто гэта робіць? Прэс-сакратарка МУС! Жанчына з пасьпяховай кар’ерай у стэрэатыпна мужчынскай сфэры. Ёй, кажа, сорамна за беларусак, якія на маршах крычаць. Нам трэба ашчаджаць сілы для сем’яў!

Словы Чамаданавай да болю нагадваюць мне хрэстаматыйнае выказваньне Ярмошынай, што жанчынам трэба боршч дома варыць, а не хадзіць па плошчах. Здавалася б, за 10 гадоў чыноўніцы мусілі зрабіць нейкія высновы і зьмяніць рыторыку на больш адпаведную часу, але ў Беларусі гэта так не працуе. Вось у іх нібыта павінна быць права на палітычнае выказваньне і адстойваньне сябе, а ў нас — не. Чаму так? Ды проста так. Проста ім так хочацца.

Гэта клясычны «кішэнны фэмінізм» — жанчына змагаецца за правы выключна для самой сябе, а іншых жанчын мерае патрыярхальнай меркай. Толькі гэта ў Беларусі ўжо таксама не працуе. Жанчыны тысячамі выходзяць на маршы, змагаючыся за сябе і навакольных. Адбіваюць адна адну пры незаконных затрыманьнях, вішчаць і тупацяць нагамі, знаходзячы тым самым слабыя месцы так званых сілавікоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Жанчыны Беларусі ня спыняцца». Захарэвіч і Сухій пра турму і пратэсты

Мы аб’ядналіся супраць аднаго ворага, і недарэчныя спробы нас за гэта абразіць толькі надаюць упэўненасьці, што мы ўсё робім правільна і што спыняцца ні ў якім выпадку нельга. Бо будзе і справядлівы суд.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.