Найбольшую з пачатку пандэміі колькасьць заражэньняў каранавірусам выявілі за мінулы тыдзень, — САЗ

Паводле дадзеных Сусьветнай арганізацыі здароўя (САЗ), за мінулы тыдзень у сьвеце было выяўлена амаль 2 мільёны новых выпадкаў заражэньня COVID-19. Гэта на 6% больш, чым за папярэдні тыдзень, і рэкордна вялікая колькасьць за ўвесь пэрыяд пандэміі.

Заяву САЗ цытуе Інтэрфакс.

«Гаворка ідзе пра самую вялікую колькасьць выпадкаў заражэньня за тыдзень ад самага пачатку эпідэміі», — канстатуе САЗ.

Паводле дадзеных статыстычнага сайту Worldometer, з пачатку пандэміі ў сьвеце выявілі 31,5 мільёна выпадкаў заражэньня COVID-19, амаль 968 тысяч інфікаваных памерлі, больш за 23 мільёны паправіліся, каля 7 мільёнаў яшчэ хварэюць.

Самая вялікая колькасьць выяўленых выпадкаў заражэньня прыпадае на ЗША (7 мільёнаў), Індыю (5,5 мільёна), Бразылію (4,5 мільёна) і Расею (1,1 мільёна).

У Беларусі з 16 верасьня фіксуецца штодзень больш за 200 выпадкаў новых захворваньняў.