Партал Tut.by 22 верасьня апублікаваў відэа, дзе былы кіраўнік Смалявіцкага райвыканкаму Міхаіл Загорцаў асуджае гвалт сілавікоў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Напярэдадні стала вядома, што Загорцава прызначылі намесьнікам кіраўніка адміністрацыі Ялты ў анэксаваным Расеяй Крыме.
Відэа запісанае ў Смалявічах, але дакладная дата запісу невядомая. У звароце Загорцаў кажа, што знаходзіцца на лячэньні пасьля апэрацый. Ён сьцьвярджае, што двойчы перажыў клінічную сьмерць, баяўся і баіцца, што не дажыве да «свабоднай Беларусі».
«Нашыя дзеці зрабілі гэта, вялікі дзякуй нашым жанчынам за ўсё. Нашае пакаленьне просіць прабачэньня, што дапусьціла гэта. Былыя калегі, мэры гарадоў, старшыні, яшчэ ня позна не дапусьціць ніякага кровапраліцьця. Вы бачылі, што людзі вырашылі ўсё зьмяніць, вы гэтаму перашкаджалі, яшчэ ня позна выправіцца і ісьці разам з народам».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Разумее, што надышоў фінал рэжыму Лукашэнкі». Што вядома пра чыноўніка, які ўладкаваўся ў адміністрацыю ЯлтыУ звароце Загорцаў заклікаў сваіх былых калег — кіраўнікоў беларускіх раёнаў перайсьці на бок народу, зьвярнуўся да сваіх знаёмых гэнэралаў і міністра ўнутраных спраў Юрыя Караева.
«Спадар Караеў, вы ўспомнілі вашую сямʼю і дзяцей. Чаму вы ня памятаеце пра нашых дзяцей? Тут шмат размоваў пра расейскі сьлед. Тут складана паверыць, мы дагэтуль ня можам паверыць, што нашыя беларусы могуць так зьдзекавацца зь дзяцей і жанчын».
Загорцаў сказаў, што зьвярнуўся да мэраў расейскіх гарадоў-пабрацімаў [Смалявічаў], а таксама кіраўнікоў расейскіх заводаў з просьбай не пускаць сваіх дзяцей чыніць гвалт у Беларусі.
«Я сказаў, што так, мы былі ізаляваныя. Мы ня бачылі і не разумелі, што адбываецца. Калі мы ўбачылі ў інтэрнэце, дарослыя здаровыя мужыкі рыдалі. Але я ім сказаў, не пускайце сюды сваіх сыноў. Бо калі яны прыйдуць ня з добрымі намерамі, паўстане кожны беларус», — сказаў Загорцаў, згадаўшы Другую ўсясьветную вайну.
Загорцаў сказаў, што ганарыцца сваімі дзецьмі і сваякамі, якія ходзяць на пратэсты, а таксама папрасіў прабачэньня, што дапусьціў гвалт.
У Ялце Загорцаў будзе куратарам дзейнасьці тэрытарыяльных органаў, сфэры жыльлёва-камунальнай гаспадаркі і грамадзкага транспарту. З 2011 па сакавік 2020 году Загорцаў займаў пасаду старшыні Смалявіцкага райвыканкаму. Дагэтуль быў старшынём Бабруйскага гарсавету дэпутату, займаў іншыя адміністрацыйныя пасады ў Бабруйску, Гомлі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі чыноўнік атрымаў пасаду ў анэксаваным Крыме