МУС прыслала адказ на запыт праваабаронцаў пра незаконныя дзеяньні невядомых у балаклавах

Разгон невядомымі ў балаклавах маршу жанчын у Менску, 19 верасьня 2020 году.

10 верасьня Міжнародны камітэт па расьсьледаваньні катаваньняў у Беларусі зьвярнуўся ў Генэральную пракуратуру Беларусі з патрабаваньнем адрэагаваць на выкраданьні людзей невядомымі суб’ектамі ў балаклавах, ня ў форме і бяз знакаў адрозьненьня.

Як паведамляе «​Прававая ініцыятыва», учора атрымалі адказ на зварот, але не з пракуратуры, а з Галоўнага ўпраўленьня аховы правапарадку і прафіляктыкі МУС.

Начальнік упраўленьня аховы правапарадку МУС Дзьмітры Курʼян паведаміў, што патрабаваньні прадставіцца і растлумачыць падставы затрыманьня «не распаўсюджваюцца на выпадкі патрэбы неадкладнага спыненьня правапарушэньняў, затрыманьня асоб, якія іх учынілі, а таксама тых, якія спрабуюць схавацца».

Старшыня «Прававой ініцыятывы»​ Вікторыя Фёдарава лічыць, што адказ з МУС не адпавядае заканадаўству:

«Артыкул 23 Закону Рэспублікі Беларусь „Аб органах унутраных спраў Рэспублікі Беларусь“ не зьмяшчае ніякіх падобных агаворак; наадварот, у ім падкрэсьліваецца, што ва ўсіх выпадках абмежаваньня правоў супрацоўнік органаў унутраных спраў абавязаны растлумачыць падставы абмежаваньня.

Паводле закону, прымяненьне фізычнай сілы і спэцыяльных сродкаў магчымае толькі ў тым выпадку, калі негвалтоўнымі спосабамі гэта зрабіць немагчыма.

Акрамя таго, прымяненьню фізычнай сілы і спэцыяльных сродкаў павінна папярэднічаць дакладна выказанае і відавочнае для асобы, супраць якой яны прымяняюцца, папярэджаньне аб намеры іх ужыць. Гэта значыць, ніякая „раптоўная неабходнасьць“ не дае права супрацоўніку міліцыі парушаць гэтыя нормы закону».