Пра звальненьне з МЗС Беларусі заявіў яшчэ адзін дыплямат

Будынак Міністэрства замежных спраў Беларусі

Павел Сьлюнькін, першы сакратар упраўленьня Эўропы Міністэрства замежных спраў Беларусі, на сваёй старонцы ў Facebook паведаміў пра сыход з пасады.

Прэсавы сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз пацьвердзіў Свабодзе, што Сьлюнькін працуе ў МЗС, але інфармацыю аб ягоным сыходзе з пасады, а таксама заяву Паўла Латушкі аб масавых звальненьнях з дыпляматычнага ведамтва пакінуў без камэнтару.

Колішні амбасадар Беларусі ў Францыі Павал Латушка напісаў учора ў сваім тэлеграм-канале, што 30 дыпляматаў звольняць са структуры МЗС за выказваньні ў асабістых сацсетках пра нязгоду з фальсыфікацыяй выбараў і актамі гвалту над мірнымі дэманстрантамі з боку амапаўцаў. Сьлюнькін быў адным з тых, хто рабіў такія выказваньні. У МЗС Беларусі інфармацыю пра звальненьні камэнтаваць адмовіліся.