Чаму Рада кіраўнікоў МЗС дзяржаваў Эўразьвязу не прыняла рашэньня пра санкцыі адносна Беларусі? Ці знойдуцца міжнародныя пасярэднікі, якія захочуць і змогуць наладзіць дыялёг паміж Лукашэнкам і Каардынацыйнай радай? Як будзе рэагаваць Эўразьвяз, калі Менск адмовіцца ад шматвэктарнай зьнешняй палітыкі, што прапануе старшыня камісіі ў міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Андрэй Савіных?
Гэтыя пытаньні ў «Праскім акцэнце» абмяркоўваюць дырэктарка базаванага ў Браціславе міжнароднага аналітычнага цэнтру GLOBSEC Policy Institute Алена Кудзько і кіраўнік варшаўскага Цэнтру палітычнага аналізу і прагнозу Павал Вусаў.
Кудзько:
- Санкцыі ўрэшце будуць прынятыя. Цяперашні этап увядзеньня санкцыяў — самы лёгкі. У далейшым пашыраць сьпіс будзе значна цяжэй.
- Лукашэнка можа пагадзіцца на перамовы, калі стасункі з Расеяй стануць для яго вельмі некамфортнымі.
- Дэ-факта палітыка шматвэктарнасьці ўжо спыненая на працягу апошняга месяца.
- Калі Беларусь адназначна паверне да Расеі, ня думаю, што Захад будзе ўпрошваць Лукашэнку вярнуцца.
Вусаў:
- Эўразьвяз зацягвае працэдуру, можна пакуль ня ўносіць Лукашэнку ў сьпіс.
- У 2011 годзе санкцыі прымаліся значна лягчэй, хоць сытуацыя ў Беларусі цяпер значна горшая, чым тады.
- Я не магу ўявіць сабе нейкіх заходнікаў, якіх Лукашэнка прыняў бы ў якасьці перамоўшчыкаў зь ім нават пра спыненьне рэпрэсіяў, ня кажучы ўжо пра перадачу ўлады.
- Рух Лукашэнкі на ўсход пачаўся з выбараў і пратэстаў.
- На паварот Лукашэнкі на ўсход Эўропа будзе рэагаваць так, як рэагавала на падзеі ва Ўкраіне, — спрабаваць дамаўляцца з Пуціным.