17 верасьня ў Менску супрацоўнікі ГУБАЗіК затрымалі каардынатарку валянтэрскай службы праваабарончага цэнтру «Вясна» Марфу Рабкову і яе мужа Вадзіма Жаромскага.
У іх кватэры правялі ператрус, забралі тэхніку, асабістыя рэчы і грошы. Вадзіма пазьней вызвалілі.
Пры затрыманьні Рабковай паведамілі, што яна фігурантка крымінальнай справы паводле ч.3 арт. 293 — навучаньне ці іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках, або фінансаваньне такой дзейнасьці. 19 верасьня яе зьмясьцілі ў СІЗА № 1 Менску.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Amnesty International — уладам Беларусі: Неадкладна вызваліце Марфу Рабкову і ўсіх палітвязьняўМарфа Рабкова разам з валянтэрамі «Вясны» ажыцьцяўляла назіраньне за правядзеньнем мірных сходаў, брала ўдзел у кампаніі незалежнага назіраньня «Праваабаронцы за свабодныя выбары», дакумэнтавала сьведчаньні катаваньняў і жорсткіх відаў абыходжаньня з затрыманымі пратэстоўцамі.
Прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасьці лічаць, што пазбаўленьне волі Марфы Рабковай было ўжыта за негвалтоўную дзейнасьць, накіраваную на абарону правоў чалавека і асноўных свабодаў.
На падставе гэтага Марфа Рабкова прызнаная палітычнай зьняволенай. Агулам у Беларусі такіх людзей ужо больш за 70.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Такога не было ў гісторыі Беларусі ніколі — ужо 12 тысяч затрыманых», — кіраўнік «Вясны»Праваабаронцы патрабуюць ад уладаў спыніць усялякія спробы ціску і перасьледу ў дачыненьні да сябраў цэнтру «Вясна», выконваць міжнародныя абавязаньні адносна праваабарончай дзейнасьці ў краіне.