«Далей я буду са страйкамам». Шахтар Алег Кудзёлка расказаў, як рыхтаваўся да пратэсту пад зямлёй

Шахтар Алег Кудзёлка. Фота Tut.by.

21 верасьня яшчэ адзін працаўнік «Беларуськалію» адмовіўся выходзіць з забою на знак пратэсту супраць таго, што адбываецца ў краіне і на прадпрыемстве.

Алег Кудзёлка перадаў, што не паднімецца на паверхню, пакуль яго патрабаваньні ня будуць выкананыя. Больш як праз тры гадзіны яго ўсё ж вывелі на паверхню. У размове з Tut.by прызнаўся, што думаць пра акцыю пратэсту пачаў у першы дзень страйку 17 жніўня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Патрабую спыніць сваволю сілавікоў». Яшчэ адзін шахтар адмовіўся падымацца на зямлю

«Спрацавала няўзгодненасьць дзеяньняў. Пэўныя асобы пачалі ўносіць разлад, казаць, што гэта ўсё незаконна, — згадвае Алег Кудзёлка. — На пляцоўцы 4-га рудніка таксама зьбіраліся. Дырэктар прыяжджаў, але размаўляць зь ім не было пра што — як заведзены паўтараў адно і тое ж».

Акрамя сытуацыі на прадпрыемстве, шахтара турбуе і тое, што адбываецца ў краіне. Кажа, што прыкладам яму паслужыў і калега Юры Корзун, які два тыдні таму на глыбіні прыкаваў сябе кайданкамі да абсталяваньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гарняк Юры Корзун: «Гэта была акцыя супраць гвалту і беззаконьня, якія пануюць у краіне»

Пра свой пратэст расказвае так: раніцай пасьля начной зьмены, калі зь іншымі чакаў у шахце аўтамабіля на выезд, аддаў паперку на паверхню. Патрабаваньні папрасіў перадаць намесьніку начальніка шахты.

«Я падрыхтаваўся: узяў ваду, паесьці, запасны ліхтарык з батарэйкамі. Ня стаў нахабнічаць і сыходзіць у старыя выпрацоўкі, у якіх магчыма газаўтварэньне. А мэтан дзейнічае непрыкметна, можна проста задыхнуцца. У выніку майго начальніка выклікалі з выходных, ён мяне і знайшоў. Каб ня гэта, яшчэ б шукалі, а ён здагадаўся».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шахтара Кудзёлку, які адмовіўся ўздымацца на зямлю, адвезьлі ў псыха-нэўралягічны дыспансэр, ягоных калегаў затрымалі

Да моманту, калі Алега выявілі, прайшло больш за тры гадзіны. У шахту спусьцілася цэлая дэлегацыя: начальнік рудніка, галоўны інжынэр, намесьнікі па вытворчасьці, некалькі ратавальнікаў.

«Калі мяне знайшлі, я пачаў нясьпешна зьбірацца. Ведаў, што ўжывуць сілу — не яны, дык ратавальнікі. Мяне там адразу абсьледавалі: памералі ціск і далі лекі. Потым на хуткай завезьлі ў пункт аховы здароўя, зьнялі кардыяграму, праверылі алькатэстэрам. Звазілі ў псыханэўралягічны дыспансэр, зрабілі агляд у прысутнасьці прадстаўніка міліцыі. Адпусьцілі памыцца, пераапрануцца. І затым на размову да намесьніка начальніка РУУС».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праз страйкавыя настроі «Беларуськалій» ня выканаў жнівеньскіх плянаў здабычы руды 

Алег Кудзёлка пакуль ня ведае, якія наступствы будзе мець ягоны ўчынак. Гатовы і да звальненьня, хоць не разумее, на якой падставе — такім чынам проста выказаў сваё стаўленьне да падзеяў у краіне і на прадпрыемстве.

Удакладняе, што далей будзе са страйкамам, а іншыя хай самі думаюць, каму яны падпарадкоўваюцца і ці варта выконваць загады розных «сумнеўных таварышаў».

Алег Кудзёлка таксама расказаў пра сытуацыю на «Беларуськаліі» тэлеканалу «Настоящее время».