Прэзыдэнты Літвы, Польшчы і Румыніі заклікалі ЭЗ пашырыць пакет дапамогі Беларусі

Прэзыдэнты Літвы, Польшчы і Румыніі Гітанас Наўседа Анджэй Дуда і Кляўс Яганіс заклікаюць інстытуты Эўрапейскага зьвязу і дзяржавы-ўдзельніцы разгледзець пакет захадаў дапамогі дэмакратычнай Беларусі, якая імкнецца да палітычных, эканамічных і сацыяльных пераўтварэньняў.

Лідэры трох краін заклікалі Эўразьвяз распрацаваць пакет дапамогі, які б уключаў гандаль з ЭЗ, дапамогу ў перамовах аб уступленьні ў Сусьветную гандлёвую арганізацыю, бязьвізавы рэжым для грамадзянаў Беларусі, дывэрсыфікацыю эканомікі і энэргетычнага сэктару краіны, фінансаваньне рэструктурызацыі эканомікі, прыцягненьне міжнародных фінансавых інстытутаў для рэфармаваньня эканомікі краіны і заахвочаньня інвэстыцыяў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «На месцы Лукашэнкі я асьцерагаўся б адзіных сьцягоў — расейскіх», — віцэ-міністар замежных справаў Польшчы

У дэклярацыі нагадваецца, што лідэры гэтых трох краін актыўна падтрымліваюць прынцыпы свабоды і дэмакратыі і прызнаюць толькі свабодныя, справядлівыя і празрыстыя вынікі выбараў, праведзеных у адпаведнасьці зь Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах і пад кантролем міжнародных назіральнікаў.

Кіраўнікі Літвы, Польшчы і Румыніі ў дэклярацыі нагадалі, што ніхто іншы ня можа вырашаць лёс Беларусі, як толькі яе грамадзяне. Паводле лідэраў, толькі дэмакратычная будучыня, заснаваная на сацыяльным дыялёгу і агульным бачаньні з грамадзкасьцю, ёсьць умовай больш стабільнай і бясьпечнай Эўропы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча і Літва падпісалі дэклярацыю аб Беларусі

Лідэры дамовіліся дапамагаць беларусам будаваць дэмакратычную прававую дзяржаву, свабодную грамадзянскую супольнасьць і рынкавую эканоміку.

«Калі грамадзяне Беларусі вырашаць правесьці ў краіне палітычныя і эканамічныя рэформы, стварыць незалежныя інстытуты для абароны правоў чалавека і свабоды слова, мы дапаможам, падзяліўшыся сваімі ведамі і досьведам», — сказаў Наўседа. Кіраўнікі дзяржаваў, якія абвясьцілі дэклярацыю, заклікалі ўсю міжнародную супольнасьць далучыцца да распрацоўкі пазытыўнага парадку дня дэмакратычнай Беларусі і пакета падтрымкі палітычных, эканамічных і сацыяльных зьменаў.

Прапановы для гэткага пляну дапамогі будуць прадстаўленыя прэзыдэнтам Літвы на наступным саміце Эўразьвязу 24–25 верасьня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вышаградзкая чацьвёрка» прапануе дапамогу Беларусі ў выпадку паўторных выбараў

Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі на мінулым тыдні паведаміў, што на саміце Эўразьвязу ад імя «Вышаградзкай чацьвёркі» прадставіць «плян Маршала» для Беларусі.