Сьвятлана Ціханоўская ў інтэрвію расейскаму выданьню РБК расказала пра сваё стаўленьне да Ўладзіміра Пуціна і да таго, што Крэмль у разгар пратэстаў у Беларусі падтрымаў Аляксандра Лукашэнку, прызнаўшы яго легітымным прэзыдэнтам краіны.
Ціханоўская тройчы за інтэрвію назвала Пуціна «мудрым» чалавекам і кіраўніком, які «разумее, што апазыцыя Беларусі гатовая да дыялёгу зь ім» і «нічога ня мае супраць Расеі», а ўсё, што кажа Лукашэнка, — гэта «ягоныя фантазіі». Яна таксама выказала ўпэўненасьць, што Пуцін разумее, што Лукашэнка ўжо не валодае сытуацыяй, цалкам страціў давер у вачах беларусаў, якія яго не выбіралі, і што беларускі народ ужо ня вернецца да таго стану, у якім быў апошнія два дзесяцігодзьдзі.
У канцы інтэрвію на пытаньне, чаму яна гаворыць пра мудрасьць Пуціна і выключае, што ён сапраўды лічыць беларускую апазыцыю меншасьцю, Ціханоўская адказала, што магла б «сказаць нешта іншае, але ёй ужо давялося засвоіць асновы дыпляматыі, і таму яна гаворыць менавіта так».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як беларусы прызначылі Лукашэнку галоўным блазнам карнавальнага пратэсту. Тлумачыць палітолягРазам з тым Ціханоўская выказала шкадаваньне, што Пуцін «падтрымаў Лукашэнку, а не беларускі народ», адзначыўшы, што «гэта ягонае рашэньне і выбар», на якія апазыцыя ніяк паўплываць ня можа.
На пытаньне, чаму ў яе да гэтага часу не было кантактаў з расейскімі ўладамі, Ціханоўская сказала, што яна «нікога ня просіць бачыць у ёй будучага прэзыдэнта Беларусі». «Я сябе так не пазыцыяную», — заявіла яна, адзначыўшы, што яе перадвыбарная праграма складалася ўсяго з трох пунктаў, асноўны зь якіх — правядзеньне новых выбараў, «сумленных, празрыстых і адкрытых», на якіх беларускі народ «выбера моцнага прэзыдэнта, якому будзе давяраць». На думку Ціханоўскай, Пуцін «размаўляў бы зь ім як з роўным і знайшоў бы, пра што дамовіцца».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская зьвярнулася да тых, хто не адважыўся выйсьці на вуліцыНа пытаньне, ці падтрымлівае асабіста яна, у выпадку перамогі апазыцыі, магчымы выхад краіны з саюзаў з Расеяй і яе «дэрусіфікацыю», Ціханоўская адказала, што «такія пытаньні павінны вырашацца з удзелам беларускага народу». Пры гэтым яна пацьвердзіла намер беларускай апазыцыі не вяртаць у выпадку сыходу Лукашэнкі выдадзены Расеяй крэдыт на паўтара мільярда даляраў.
«Калі Лукашэнка бярэ крэдыт, а аддаваць яго павінны беларусы, якія не прызналі і не прызнаюць яго, то пра што ўвогуле можа ісьці гаворка?», — адказала Ціханоўская, выказаўшы ўпэўненасьць, што частку з атрыманых грошай цяперашнія беларускія ўлады выдаткуюць на «закупліваньне бронекамізэлек» і «зьнішчэньне сваіх жа людзей».