«Марш справядлівасьці» ў Менску сабраў больш за 100 тысяч чалавек

Больш за 100 тысяч чалавек сабраліся ў Менску 20 верасьня на традыцыйную нядзельную акцыю, якая гэтым разам называлася «Марш справядлівасьці», паведамляе агенцтва БелаПАН. Такую ж колькасьць удзельнікаў дае агенцтва Reurters.

У Менску сілавікі актыўна перашкаджалі збору людзей на праспэкце Пераможцаў, але, нягледзячы на гэта да 15.00 у раёне стэлы «Менск — горад-герой» сабралася некалькі дзесяткаў тысяч дэманстрантаў. Да іх далучаліся людзі з прылеглых вуліц.

У выніку шматтысячная калёна зь бел-чырвона-белымі сьцягамі накіравалася да Палаца Незалежнасьці, аднак, убачыўшы кардон сілавікоў на падыходах да палаца, пратэстоўцы вырашылі зьмяніць маршрут. Яны накіраваліся ў бок цэнтру па вуліцах Ігнаценкі, Ціміразева, Кальварыйскай, Нямізе, Багдановіча, Купалы, Куйбышава, Харужай.

Як у Менску прайшоў статысячны «Марш справядлівасьці». ШМАТ ФОТА

Адметнасьць гэтага маршу — вялікая колькасьць удзельнікаў з новастворанымі сьцягамі раёнаў Менску. Лошыца, Малінаўка, Аўтазавод і іншыя — так людзі пазначаюць сябе ў калёне.

Некалькі разоў дэманстранты спрабавалі выйсьці на праспэкт Незалежнасьці, але ім перагароджвалі шлях сілавікі. У раёне плошчы Якуба Коласа калёне ўсё ж удалося выйсьці на праспэкт і прайсьці ад плошчы да скрыжаваньня з вуліцай Казлова. Там удзельнікаў маршу сустрэў кардон сілавікоў, аўтамабілі «Рубеж» і вадамёты.

Галава калёны зьвярнула ў бок Вайсковых могілак. Скарыстаўшыся гэтым, сілавікі разьбілі дэманстрантаў на дзьве часткі. У раёне вуліцы Зьмітрака Бядулі пачаліся затрыманьні. Паводле інфармацыі відавочцаў, людзей таксама затрымлівалі на праспэкце Незалежнасьці каля 23-яй гімназіі ў раёне ЦУМа, Белдзяржфілармоніі і ГЦ «Маскоўска-Венскі», каля казіно «Белая вежа».

Пасьля 19 гадзін, калі марш у Менску завяршыўся, ізноў запрацаваў мабільны інтэрнэт. Сёньня ён практычна адсутнічаў 4,5 гадзіны, з 14.35 да 19.05, «у адпаведнасьці з распараджэньнем упаўнаважаных дзяржаўных органаў», паведамляе БелаПАН. Прапускная здольнасьць мабільнага інтэрнэту прымусова зьніжаецца кожную нядзелю падчас акцый пратэсту.

Паводле зьвестак на 20.10, правааабронцам вядомыя прозьвішчы ўжо 90 затрыманых на маршы ў Менску і 50 чалавек — у рэгіёнах. Сьпіс затрыманых увесь час абнаўляецца.

Сёньняшні марш быў ужо шостым нядзельным маршам прыхільнікаў пераменаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня. Людзі па ўсёй краіне патрабуюць адстаўкі Лукашэнкі і правядзеньня новых сумленных выбараў, вызваленьня палітвязьняў, а таксама прыцягненьня да адказнасьці сілавікоў за зьбіцьцё мірных дэманстрантаў і катаваньні.

Прыхільнікі пераменаў 20 верасьня таксама выйшлі на вуліцы Берасьця, Віцебска, Горадні, Гомля, Магілёва, Салігорска, Бабруйска і іншых гарадоў Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Магілёве прыхільнікам перамен не далі прайсьці да судоў. Яны зладзілі калектыўную прагулку
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Горадні «Марш справядлівасьці» працягнуўся менш за гадзіну і скончыўся жорсткімі затрыманьнямі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Гомлі «Марш справядлівасьці» прайшоў з затрыманьнямі. ФОТА
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Берасьці міліцыя страляла ў паветра. ВІДЭА