У цэнтры Масквы падчас традыцыйнага сталічнага маратону паліцыя затрымала восем чалавек зь бел-чырвона-белымі сьцягамі. А каля пасольства Беларусі ў Маскве затрымалі сьпявачку Анжаліку Агурбаш, якая прыйшла падтрымаць пратэст беларусаў.
Усіх затрыманых пазьней адпусьцілі з абавязаньнем зьявіцца для складаньня пратаколаў аб парушэньні правілаў правядзеньня мітынгаў. Адна з затрыманых, Анастасія Пікуліна, распавяла сайту «ОВД-Инфо», што яна і яшчэ некалькі чалавек прыйшлі на маратон з бел-чырвона-белымі сьцягамі, каб падтрымаць сваіх сяброў – спартоўцаў зь Беларусі, якія ўдзельнічалі ў забегу.
Пікуліна падкрэсьліла, што яе кампанія стаяла на пляцоўцы для гледачоў і ніякага «недазволенага мітынгу», у якім яе абвінаваціла паліцыя, не праводзіла.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Маршы справядлівасьці» ў Беларусі. Што адбываецца на 43-і дзень пратэстаў