Выкладчыкі і дасьледчыкі з вышэйшых навучальных установаў розных краін напісалі адкрыты ліст і запісалі відэазварот у падтрымку беларускіх студэнтаў.
«Міжнародная супольнасьць вышэйшай адукацыі падтрымлівае Беларусь. Пратэсты — неабходны складнік дэмакратыі, правоў чалавека і свабоды выказваньняў. Мы асуджаем любы гвалт супраць пратэстоўцаў», — гаворыцца ў апісаньні відэа.
У лісьце, у прыватнасьці, расказваецца пра затрыманьні АМАПам у Менскім дзяржаўным лінгвістычным унівэрсытэце студэнтаў, якія сьпявалі. «Унівэрсытэты ніколі не павінны асацыявацца са страхам, тэрорам і брутальнасьцю, гэта прасторы для дэбатаў, дыскусій і ведаў. Такі гвалт, асабліва супраць іх і ў такіх месцах, жудасны і павінен спыніцца».
Ліст падпісалі дзясяткі чалавек, сярод якіх брытанскі гісторык Тымаці Гартан Эш і амэрыканскі філёзаф Марта Нусбаўм.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь замарожаная ў часе толькі для тых, хто прыехаў на паўгадзіны, — гісторык Тымаці Гартан Эш