Больш за 250 расейскіх і беларускіх вайскоўцаў дэсантаваліся на вучэньнях «Славянскае братэрства», якія праходзяць у Беларусі, на палігоне недалёка ад мяжы з Польшчай, паведамілі ў нядзелю ў Міністэрстве абароны Расеі.
Паводле агенцтва «Інтэрфакс», у высадцы расейска-беларускага дэсанту ўдзельнічала шэсьць самалётаў Паветрана-касьмічных сілаў Расеі.
«Дэсантаваньне праводзілася раніцай на незнаёмую для расейскіх вайскоўцаў пляцоўку прызямленьня „Сахара“, якая знаходзіцца ў памежным раёне Берасьцейскай вобласьці Рэспублікі Беларусь», — гаворыцца ў паведамленьні, якое цытуе «Інтэрфакс».
Па зьвестках Мінабароны РФ, на вучэньнях пасьпяхова дэсантавалі баявую машыну БМД-2, а потым вайскоўцы адпрацоўвалі тактычныя дзеяньні для захопы аб’ектаў умоўнага праціўніка.
«Вучэньне праводзяцца на контратэрарыстычную тэматыку і не накіраваныя супраць іншых краін», — заявілі ў Мінабароны РФ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Казкі Лукашэнкі пра NATO. Дыскусія экспэртаў