Студэнты Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўнівэрсытэту запісалі відэазварот да адміністрацыі ВНУ.
«Мы — студэнты, на якіх напалі ў сьценах роднага ўнівэрсытэту.
Мы — студэнты, якіх штодзённа кантралююць супрацоўнікі МУС.
Мы — студэнты, якіх просяць не гуляць з агнём.
Мы — студэнты МДЛУ. З намі можна гаварыць на многіх мовах, але мовы гвалту мы не пацерпім. І мы адмаўляемся маўчаць», — гаворыцца ў відэазвароце.
Студэнты падкрэсьліваюць, што сотні тысяч беларусаў цяпер выступаюць за справядлівасьць і свабоду, і сярод іх таксама і выкладчыкі ВНУ, 140 зь якіх адкрыта выступілі супраць гвалту і беззаконьня, студэнты і выпускнікі ўнівэрсытэту.
«Але мы ня ведаем, ці з намі наша адміністрацыя», — гаворыцца ў звароце.
У ім студэнты дзякуюць адміністрацыі за дапамогу ў вызваленьні затрыманых аднакурсьнікаў, але кажуць, што рэктарат дасюль ня выказаў ім сваёй падтрымкі і не заявіў адкрыта аб сваёй пазыцыі ў дачыненьні да таго, што адбываецца ў Беларусі.
«Мы лічым, што адміністрацыя ўнівэрсытэту ня мае права захоўваць маўклівы нэўтралітэт. Бо, як сказалі нашы выкладчыкі, нэўтральная пазыцыя — гэта ўжо не пазыцыя», — гаворыцца ў звароце.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы за вас! Мы разам!» Бацькі студэнтаў МДЛУ запісалі відэазварот у падтрымку дзяцейУ ім студэнты патрабуюць ад адміністрацыі лінгвістычнага ўнівэрсытэту:
- публічна заявіць аб сваёй пазыцыі ў дачыненьні да вынікаў выбараў і выказацца пра гвалт з боку сілавікоў,
- арганізаваць новыя выбары ў студэнцкае прадстаўніцтва, каб забясьпечыць рэальнае самакіраваньне,
- гарантаваць бясьпеку студэнтаў і выкладчыкаў у сьценах і на тэрыторыі ўнівэрсытэту,
- даць студэнтам законную і бясьпечную пляцоўку для выказваньня сваіх думак на тэрыторыі ўнівэрсытэту,
а таксама далучаюцца да патрабаваньняў «большасьці беларусаў»:
- спыніць гвалт у дачыненьні да мірнага насельніцтва,
- вызваліць усіх палітвязьняў,
- завесьці крымінальныя справы па фактах злачынстваў супраць чалавечнасьці,
- прызнаць права грамадзян выказваць сваю пазыцыю любымі мірнымі спосабамі,
- правесьці новыя сумленныя выбары.