Белта апублікавала камэнтар Дзяржаўнага мытнага камітэту (ДМК) аб сытуацыі на мяжы. У ім адзначаецца, што колькасьць транспартных сродкаў, якія ідуць праз мытную мяжу, традыцыйна ўзрастае ў выходныя дні.
Разам з тым камітэт падкрэсьлівае, што беларуская мытня робіць усе магчымыя захады, каб не дапусьціць увозу ў краіну забароненых і абмежаваных тавараў, тавараў па заніжаным кошце з мэтай ухіленьня ад выплаты мытных плацяжоў.
Паводле ДМК, рэсурсы мытні дазваляюць прымаць на 30% больш машын, калі сумежны бок будзе падаваць грузавікі рытмічна.
«На неаднаразовыя звароты беларускага боку аб паскарэньні мытных апэрацый і падачы большай колькасьці аўтамабіляў літоўскі бок так і не распачаў неабходныя меры ў поўным аб’ёме. Мы спадзяёмся на разуменьне калег і прыняцьце зь іх боку вычарпальных мераў у гэтым пытаньні», — гаворыцца ў камэнтары Мытнага камітэту.
Некалькі дзён таму Аляксандар Лукашэнка заявіў, што загадаў «закрыць мяжу зь Літвой і Польшчай». Літоўскія і польскія памежныя службы паведамлялі, што рух празь мяжу працягваецца ў ранейшым рэжыме. Прэмʼер Літвы папярэдзіў, што калі мяжа будзе перакрытая, то Літва і Польшча забароняць транзыт грузаў зь Беларусі праз свае тэрыторыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка абвясьціў пра закрыцьцё межаў. Што гэта значыць і наколькі магчыма?