Дэпутатка Менскага гарадзкога савету па Дзяржынскай выбарчай акрузе № 23 Вольга Цесакова просіць адклікаць яе празь немагчымасьць дапамагчы пацярпелым ад дзеяньняў сілавікоў.
У відэазвароце на тэлеграм-канале «Мая краіна Беларусь» яна патлумачыла, чаму Менскі гарсавет адмаўляе ёй у законным жаданьні скласьці паўнамоцтвы.
«З прычыны таго, што адбываецца ў краіне, я месяц таму напісала заяву аб датэрміновым складаньні паўнамоцтваў. Але гэтага аказалася недастаткова. У рамках беларускага заканадаўства, якое дзейнічае толькі ў неабходных для гэтага сытуацыях, дэпутат можа датэрмінова скласьці паўнамоцтвы ў выпадку хваробы, паводле рашэньня суду ў крымінальнай справе або шляхам адкліканьня, ініцыяванага выбарнікамі», — адзначыла Вольга Цесакова.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Не хачу цяпер быць ў шэрагах дзяржаўных службоўцаў», — самая маладая дэпутатка Менскага гарсавету склала паўнамоцтвыПры гэтым дэпутатка, якая трапіла ў бюракратычнае кола, перакананая, што ў цяперашніх абставінах праблему гвалту, учыненага над мірнымі грамадзянамі, немагчыма перабіць рамонтам лавачак або адкрыцьцём новага дзіцячага садка.
«Бясьпека, права на ўнікальнасьць, справядлівасьць і сумленнасьць —тыя рэчы, якія сёньня павінны вызначаць ККД народнага абраньніка. Знаходзячыся ў здаровым розуме, цьвярозай памяці і не пад ціскам, я прызнаю сваю безгрунтоўнасьць як дэпутата. Сваю няздольнасьць дапамагчы ўсім нявінна пацярпелым і асуджаным падчас акцый і шэсьцяў. Калі згодныя са мной і верыце, гэтак жа як і я, што 2 + 2 = 4, вы ведаеце, што рабіць. Жыве Беларусь», — заявіла дэпутатка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За адкліканьне дэпутата Гайдукевіча сабралі 700 подпісаў, Але не дапамаглоВольгу Цесакову абралі ў Менскі гарсавет у 22-гадовым узросьце, яна стала самай маладой дэпутаткай. У той час яна была студэнткай магістратуры эканамічнага факультэту БДУ і чальцом каардынацыйнай рады навучальнай установы.