Каардынатарку Валянтэрскай службы «Вясны» Марфу Рабкову перавялі ў сьледчы ізалятар № 1 на вуліцы Валадарскага ў Менску, паведаміў «Вясьне» яе муж Вадзім Жаромскі.
Марфу Рабкову затрымалі ўвечары 17 верасьня ў Менску ў межах крымінальнай справы па ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэксу (Навучаньне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаваньне такой дзейнасьці). Затрыманьне праводзілі супрацоўнікі Галоўнага ўпраўленьня па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю (ГУБАЗіК). Крымінальную справу вядзе Ўпраўленьне сьледчага камітэту па Менску.
Днём 18 верасьня стала вядома, што Марфа знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня на вуліцы Акрэсьціна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вясна» патрабуе вызваленьня Марфы Рабковай, якая дакумэнтавала выпадкі катаваньняў- Рада Праваабарончага цэнтру «Вясна» выступіла з заявай, у якой патрабуе ад уладаў Беларусі неадкладна вызваліць Марфу Рабкову і спыніць крымінальны перасьлед у дачыненьні да яе, а таксама спыніць усялякія спробы ціску і перасьледу ў дачыненьні да сябраў праваабарончага цэнтру «Вясна» і іншых беларускіх праваабаронцаў.
- Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала Марфу Рабкову вязьнем сумленьня.
- Абсэрваторыя па абароне праваабаронцаў, партнэрства Сусьветнай арганізацыі супраць катаваньняў (OMCT) і FIDH, выступіла з тэрміновай заявай, у якой просіць умяшацца ў сытуацыю з крымінальным перасьледам Марфы Рабковай і заклікае беларускія ўлады пры любых абставінах гарантаваць фізычную і псыхалягічную недатыкальнасьць Марфы Рабковай і неадкладна і безумоўна вызваліць яе.