Колькасьць пацьверджаных выпадкаў каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у Беларусі дасягнула 75 461 (+231 за апошнія содні), памерлі 776 чалавек (+3), паведаміла Міністэрства аховы здароўя.
За мінулыя содні прырост новых выпадкаў інфэкцыі крыху зьнізіўся — 18 верасьня, згодна з афіцыйнай статыстыкай, было 243 новыя выпадкі і дзьве сьмерці.
Міністэрства аховы здароўя адзначае, што з пачатку рэгістрацыі ў краіне COVID-19 ачунялі і выпісаныя 73 212 пацыентаў (114 за апошнія содні).
Праведзена 1 715 380 тэстаў на каранавірусную інфэкцыю, у тым ліку за мінулыя содні — 14 590.
Міністэрства здароўя зь вясны не публікуе статыстыку захварэлых у абласьцях і Менску, а таксама цяжкіх хворых, якія знаходзяцца на апаратах штучнай вэнтыляцыі лёгкіх. Больш як чатыры месяцы міністэрства не праводзіць прэс-мерапрыемствы на гэтую тэму.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея з 21 верасьня аднаўляе авіязносіны зь Беларусьсю
Паводле інфармацыі Міністэрства аховы здароўя, з расейскага боку атрыманы пакет дакумэнтаў для клінічнага выпрабаваньня камбінаванай вэктарнай вакцыны супраць каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 «Гам-КОВИД-Вак» вытворчасьці Нацыянальнага дасьледчага цэнтру эпідэміялёгіі і мікрабіялёгіі імя Гамалеі Міністэрства аховы здароўя Расеі.
Плянуецца, што ў Беларусі да дасьледаваньня будуць залучаныя каля 100 удзельнікаў.