У Менску другі месяц запар падае прамысловая вытворчасьць 

Сёлета ў студзені-жніўні аб’ём прамысловай вытворчасьці ў Менску склаў амаль 12 мільярдаў рублёў. Гэта менш, чым за аналягічны перыяд летась, спасылаецца БелаПАН на зьвесткі галоўнага статыстычнага ўпраўленьня гораду.

Падзеньне фіксуецца другі месяц запар.

Ад пачатку году да пачатку верасьня спад прамысловай вытворчасьці адбыўся ў горназдабыўной прамысловасьці — на 36,9%; нафтаперапрацоўкі — на 27,2%; вырабу тэкстылю — на 14,4%; гумавых і плястмасавых тавараў — на 12,6%; вылічальнай, электроннай і аптычнай апаратуры — на 7,6%; электраабсталяваньня — на 5,6%, транспартных сродкаў і абсталяваньня — на 3,1%.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: S&P спрагназавала пагаршэньне стану эканомікі Беларусі

Пры гэтым прырост назіраўся ў вытворчасьці прадуктаў харчаваньня, напояў і тытунёвых вырабаў (на 5%), фармацэўтычных прадуктаў і прэпаратаў (на 4,9%), хімічных прадуктаў (на 4,2%), апрацоўцы і выдаленьні адходаў (на 1,2%) і некаторых іншых галінах.